Старонка:Айвенго (1934).pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

напад тых, хто хацеў біцца з ім, але нікога не праследваў і сам нікога не выклікаў. Словам, ён іграў хутчэй ролю гледача, чым дзейнага ўдзельніка ў турніры, і гэтыя абставіны, ужо заўважаныя асобнымі гледачамі, далі ім зачэпку празваць яго Чорным Гультаëм.

Раптам гэты рыцар быццам прачнуўся ад свайго аслупянення, убачыўшы, як заўзята прыціскаюць правадыра яго партыі. Прышпорыўшы свайго каня, які быў зусім свежы, ён, як маланка, паімчаўся на дапамогу таварышу, зычным голасам крыкнуўшы:

— Пазбаўлены Спадчыны! На выручку!

І якраз упору. У той час як рыцар Пазбаўлены Спадчыны біўся з храмоўнікам, Фрон дэ-Бёф ляцеў на яго з узнятым мячом; але раней чым паспеў ударыць, чорны коннік хапіў яго па галаве; сасклізнуўшы з паліраванага шлема, яго меч са страшэннай сілай зрываецца на налічнік каня, і Фрон дэ-Бёф рухнуў на зямлю разам з канём, абодва аглушаныя гэтым моцным ударам. Тады Чорны Гультай павярнуўся да Атэльстана Конінгсбургскага і, дзякуючы таму, што меч яго зламаўся ў сутычцы з Рэджынальдам, ён выхапіў з рук саксонскага асілка яго цяжкую сякеру і ёю так памайстэрску ўдарыў яго па грэбні шлема, што Атэльстан непрытомны распластаўся на зямлі. Зрабіўшы гэтыя два геройскія ўчынкі, чорны рыцар як быццам зрабіўся зноў вялым безудзельнікам і спакойна ад’ехаў у паўночны канец бегавішча, пакідаючы свайму правадыру расквітацца, як ведае, з Брыянам дэ-Буагільберам.

Гэта была ўжо няцяжкая задача. Конь храмоўніка спусціў шмат крыві і, не вытрымаўшы апошняй сутычкі з рыцарам Пазбаўленым Спадчыны, рухнуўся на бок. Брыян дэ-Буагільбер пакаціўся на зямлю, заблытаўшыся нагою ў стрэмені, і ніяк не мог вызваліць яе адтуль. Яго праціўнік мігам саскочыў з каня і, занёсшы фатальны меч над галавою пераможанага ворага, загадаў яму здавацца. Тады прынц Іоан, больш усхваляваны небяспекаю, у якой знаходзіўся рыцар храма, чым цікавасцю да лёсу яго праціўніка, пазбавіў Буагільбера ад знявагі прызнаць сябе пераможаным, кінуў на арэну свой посах і тым скончыў спаборніцтва.