Старонка:Айвенго (1934).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Адной з прычын, якія ўзмацнілі тыранію вышэйшага дваранства і пакуты народа, была заваёва Англіі нармандскім герцагам Вільгельмам. На працягу чатырох пакаленняў штучна распальвалася варожасць паміж нарманамі і англа-саксонцамі.

Пасля бойкі ля Гасцінгса ўлада была перадана нармандскаму дваранству. Суровыя абмежаванні ў адносінах палявання і шмат якія іншыя законы, не адпавядаючыя больш мяккаму і вольнаму духу саксонскага ўклада, былі навязаны пераможаным як-бы для таго, каб яны яшчэ мацней адчувалі на сабе ланцугі закаваўшага іх феадальнага парадку. Пануючай мовай зрабілася франка-нармандская; на ёй праводзіліся судовыя справы ва ўсіх месцах, дзе адбывалася правасуддзе. Яна зрабілася мовай кіруючых вярхоў і юрыдычнай мовай, а англа-саксонская мова была пакінута сялянам і наогул „народу“.

Аднак, трэба-ж было землеўласнікам як-небудзь гутарыць з тымі, хто апрацоўваў іх землі, і вось паступова злажылася помесь французскай мовы з англа-саксонскай, з дапамогай якой яны маглі разумець адзін аднаго. Такім чынам мала- па-малу ўзнікала сучасная англійская мова, з часам абагачаная ўвядзеннем у яе кораняў, запазычаных ад класічных і паўднёва-еўрапейскіх моў.


Сонца садзілася за адной з лугавых ускраін лесу. Сотні развесістых дубоў з невысокімі стваламі і шырока раскінутымі вузлаватымі галінамі кідалі свой цень на мяккі дыван цудоўнай зялёнай муравы. Месцамі да дубаў прымешваліся бярозы, астраліст і хмызняк, які разросся так густа, што нават не прапускаў гарызантальных праменняў заходзячага сонца. Месцамі дрэвы расступаліся, ствараючы доўгія натуральныя прысады. Пурпуровыя праменні, прарываючыся скрозь лісце, афарбоўвалі то тут, то там канцы галін ды імшыстыя ствалы дрэваў, кідалі яркія сонечныя плямы на сакавітую зеляніну луга.

Сярод шырокай прасекі ўзвышаўся бугор ці, мяркуючы па правільнасці яго формы, род штучнага кургана, наверсе якога захаваўся няпоўны круг з велізарных неабчэсаных