Старонка:Айвенго (1934).pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

было, па жаданню, закрыцца імі так шчыльна, што яны з поспехам замянялі забрала баявых шлемаў. Але ў гэту хвіліну было ўжо настолькі цёмна, што ў такой маскіроўцы не было патрэбы.

Таму ён смела выйшаў з шатра і ўбачыў перад сваімі дзвярыма зброяносцаў усіх пяцёх сваіх праціўнікаў.

— Паводле правіл рыцарства, — сказаў першы зброяносец, — я, Балдуін дэ-Ойлей, зброяносец грознага рыцара Брыяна дэ-Буагільбера, прыйшоў ад яго імя перадаць вам, які зараз называе сябе рыцарам Пазбаўленым Спадчыны, таго каня і тую зброю, якія служылі Брыяну дэ-Буагільберу ў часе турніру, або ўзяць выкуп за іх, што хочаце, бо такі закон ратнага поля.

Астатнія зброяносцы паўтарылі амаль тое-ж самае і выстраіліся ў рад, чакаючы рашэння рыцара Пазбаўленага Спадчыны.

— Вам чатыром, панове, — адказаў рыцар, звяртаючыся да апошніх, — я адкажу аднолькава: перадайце шляхетным рыцарам маё прывітанне і скажыце, што я зрабіў-бы дрэнна, пазбавіўшы іх коняй і зброі, якія ніколі не могуць належаць больш харобрым і вартым кавалерам.

— Нам усім даручана, — сказаў зброяносец Рэджынальда Фрон дэ-Бёф, — прапанаваць вам па сто цэхінаў выкупа за кожнага каня разам з узбраеннем.

— Гэтага зусім досыць, — сказаў рыцар Пазбаўлены Спадчыны. — Патрэбы гэтай хвіліны прымушаюць мяне ўзяць палову гэтай сумы. З астатняга палову прашу вас падзяліць між сабою, панове зброяносцы, а рэшту раздаць герольдам, вестунам, менестрэлям і прыслузе.

Зброяносцы знялі шапкі і з нізкімі паклонамі пачалі выказваць глыбокую падзяку за такую шчодрасць. Потым рыцар звярнуўся да Балдуіна, зброяносца Брыяна дэ-Буагільбера.

— Ад вашага гаспадара я не прымаю ні ўзбраення, ні выкупа. Скажыце яму ад мяне, што наша бойка не скончана і не скончыцца да таго часу, пакуль мы не схопімся і мячамі і коп’ямі, пешыя і конныя. Няхай ён ведае, што я да яго адношуся не так, як да астатніх таварышоў, але як да чалавека, якога лічу сваім смяротным ворагам.