Старонка:Айвенго (1934).pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Даруй божа! — сказаў прынц Іоан, які міжвольна пабялеў і аступіўся назад. — Вальдемар!.. дэ-Брасі… і ўсе вы, адважныя рыцары і джэнтльмены… не забывайце сваіх абяцанняў, будзьце маімі вернымі прыхільнікамі!

Маршалы падвялі рыцара Пазбаўленага Спадчыны да падножжа драўляных усходаў, якія вялі на галярэю, дзе была зроблена ложа прынца. Іоан быў устрывожаны думкаю, што яго брат — цар — раптам мог з’явіцца ў межах свайго каралеўства. Дрыжачым голасам і запінаючыся, прынц сказаў некалькі слоў у пахвальбу мужнасці невядомага рыцара, загадаў падвесці баявога каня, падрыхтаванага ва ўзнагароду пераможцу. Ён баяўся, як-бы з-за таемна-апушчанага забрала гэтага пакрытага сталёвым узбраеннем рыцара не раздаўся нізкі і пагражаючы голас Рычарда Львінае сэрца.

Але рыцар Пазбаўлены Спадчыны ў адказ на прывітанне прынца не сказаў ні слова, а толькі нізка пакланіўся яму.

Двое багата адзетых конюхаў прывялі на арэну надзвычай добрага каня ў поўным баявым узбраенні. Упёршыся адною рукою ў сядло, рыцар Пазбаўлены Спадчыны адным махам сеў на каня, не дакрануўшыся да страмён, і, падняўшы кап’ё, двойчы аб’ехаў кругам усю арэну, прымушаючы з непераймальным майстэрствам каня мяняць алюр і вырабляць розныя штукі.

Абат Эймер шэптам напомніў прынцу, што цяпер час, калі пераможца павінен даць магчымасць даказаць не адвагу, а тонкі густ, выбраўшы сярод дам тую, якая зойме прастол „царыцы хараства і кахання“, і ўручыць прыз пераможцу на заўтрашнім турніры. Таму, як толькі рыцар, у другі раз аб’язджаючы арэну, параўняўся з ложаю, прынц Іоан падняў посах. Рыцар тойчас вярнуўся і, стаўшы перад тронам, апусціў кап’ё амаль да самай зямлі і застаўся нерухомы, як-бы ў чаканні далейшых загадаў прынца. Усе ахнулі ад захаплення, бачачы майстэрства, з якім сядок мігам змог справіцца з разгарачаным і порсткім канём.

— Сэр рыцар Пазбаўлены Спадчыны, — сказаў прынц Іоан, — такі адзіны тытул, якім мы можам назваць вас, — абвяшчаю, што перад вамі яшчэ ганаровы абавязак выбраць прыгожую даму, якая ў якасці царыцы кахання і пашаны