Старонка:Айвенго (1934).pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нерухомасцю. Не крануўшыся з месца, ён уставіў у прынца свае вялікія вочы і глядзеў на яго з такім здзіўленнем, якое было нават смешным. Але нецерпяліваму прынцу было не да смеху.

— Гэты саксонскі свінапас або спіць або не разумее, што яму гавораць! Дэ-Брасі, паказычы яго кап’ём! — прагаварыў Іоан звярнуўшыся да ехаўшага побач з ім рыцара, верхавода зграі вольных стралкоў з наёмных валацуг, якія ішлі за тым, хто плаціць ім пенсію.

Нават у дружыне прынца пачуліся нараканні. Але дэ- Брасі, паводле ўласцівасці свае прафесіі чужды ўсялякай разборчывасці, працягнуў сваё доўгае кап’ё праз адлегласць, якая была між галярэяю і бегавішчам, і, напэўна, выканаў-бы загад прынца раней, чым непаваротлівы Атэльстан мог адхінуцца ад зброі, калі-б Седрык з хуткасцю маланкі не выхапіў свайго кароткага мяча і адным ударам не адсек сталёвага наканечніка ад дрэўка кап’я.

Кроў кінулася ў твар прынца Іоана. Ён прагаварыў адну з сваіх моцных лаянак і хацеў ужо выказаць не менш моцную пагрозу, але замаўчаў, часткова таму, што акружыўшыя яго асобы з дружыны пачалі ўсялякім чынам яго ўгаварваць, а часткова таму, што натоўп сабраўшыхся гледачоў вітаў учынак Седрыка моцнымі крыкамі адабрэння.

Прынц з абурэннем абвёў вачыма натоўп, як-бы шукаючы, на кім сарваць душыўшы яго гнеў, і выпадкова сустрэўся вачамі з цвёдрым поглядам іёмена ў зялёным каптане. Убачыўшы, што гэты чалавек быццам знарок не перастае крычаць, не звяртаючы ўвагі на яго гнеў, прынц звярнуўся да яго з пытаннем: чаму ён узрадаваўся?

— А я заўсёды крычу ўра, — адказаў іëмен, — калі бачу лоўкі прыцэл або лоўкага байца.

— Вось як! — прабурчэў прынц. — Значыць, ты і сам лоўка трапляеш у цэль?

— Як егеры страляюць, гэтак і я, — сказаў іëмен.

Гэты адказ яшчэ больш раззлаваў прынца. Аднак ён абмежаваўся тым, што загадаў вартаўнікам, якія акружалі бегавішча, прыглядаць за хвастуном, паказаўшы пры гэтым на іëмена ў зялёным.