Старонка:Айвенго (1934).pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

знайсці месца ў пярэднім раду ніжняй галярэі для сваёй дачкі, красуні Рэвекі. Яна прыехала да яго ў Ашбі і ў гэту хвіліну, учапіўшыся за яго руку, са сполахам аглядвалася навакол.

Выкрык нармандскага двараніна ўзбудзіў абурэнне акружаючых, але ў гэты час агульная ўвага была адцягнута з’яўленнем прынца Іоана, які ўз’ехаў на арэну разам са шматлікай дружынай, што складалася з яго любімчыкаў, правадыроў наёмнага войска, некалькі баронаў, што займаліся рабаўніцтвам, распуснай зграі прыдворных чыноў, многіх рыцараў храма, свецкіх і духоўных асоб, у ліку якіх быў і прыёр з Жарво.

Пакуль прынц весела гарцаваў вакол арэны, увага яго была прыцягнута мітуснёй, выкліканай спробай Ісаака прайсці на лепшыя месцы галярэі. Зіркае вока прынца Іоана мігам спазнала яўрэя, але куды прыемней уздзейнічаў на яго выгляд прыгожай дзяўчыны, якая спужаўшыся ўзнятага шуму і пратэстаў, баязліва прыхінулася да рукі старога бацькі.

Сапраўды, Рэвека магла з гонарам вытрымаць параўнанне з самымі выдатнымі англійскімі красунямі. Яна была дзіўна прыгожая і прапарцыянальна складзена, і яе фігура выгадна вылучалася ў усходнім гарнітуры яўрэйскай жанчыны, які яна насіла. Яе шоўкавы турбан жоўтага колеру вельмі стасаваўся да смуглага адцення яе скуры, яе чорныя вочы блішчэлі, тонкія бровы выгіналіся гардаватай дугой, арліны носік быў вытачаны прыгожа, белыя зубы бліскалі, як перлы, а пышныя, чорныя косы, з якіх кожная канчалася крутой спіраллю натуральных кудзерак, рассыпаліся па плячах, прыкрываючы стройную шыю і пышныя грудзі.

На ёй была доўгая сімара[1] з персідскай шоўкавай матэрыі пурпуровага колеру з вытканымі на ёй кветкамі рознастайных адценняў, спераду прымацаваная мноствамі залатых засцëжак, упрыгожаных перламі. Тры верхнія перлавыя запанкі, якімі зашпільвалася яе плацце ад горла да пояса, былі расшпілены з прычыны гарачага надвор’я і на шыі вылучаліся дарагія брыльянтавыя маністы з падвескамі. Стравусавае пяро было прымацована да яе турбана дыяментавым аграфам[2].

  1. Сімара — плацце, абцягваючае талію, фасонам сваім некалькі напамінае старадаўні рускі сарафан.
  2. Аграф — засцёжка.