Старонка:Айвенго (1934).pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У заканчэнне ўсяго па краіне распаўсюдзілася небяспечная пошасць, выкліканая знясіленнем, дрэннымі харчамі і ўбогім становішчам жылля беднаты; гэта хвароба адправіла ў магілу ўжо шмат народу, а тыя, што засталіся жывымі, часта зайдросцілі пакойнікам, якія паспелі пазбавіцца ад надыходзячай бядоты.

І ўсё-ж, не гледзячы на такое няшчаснае становішча краіны, не толькі дваране, але і беднякі імкнуліся на турнір. Гэта было самае цікавае з відовішч таго часу, і насельніцтва адносілася да яго з такой-жа палкасцю, з якой поўгалодны жыхар Мадрыда, замест таго, каб купіць харчоў для свае сям’і, траціць усё да апошняга рэала, каб мець доступ на арэну, дзе адбываецца бой быкоў. Была чутка, што „баявая пацеха“, прызначаная каля горада Ашбі, у графстве Лейстэрскім, адбудзецца паміж першкласнымі рыцарамі і што яны біцца будуць у прысутнасці прынца Іоана, які абяцаў асабіста прыехаць на турнір. Раніцою таго дня, калі прызначаны быў пачатак спаборніцтва, народ валіў натоўпамі да месца баявой пацехі!..

Месца было выбрана надзвычай добра. Каля краю вялікага лесу, у адлегласці адной мілі ад горада Ашбі, была вялікая палянка, з аднаго боку акружаная лесам, з другога — радам раскіданых старых дубоў. Глеба, як-бы знарок зроблена для пабоішча, з усіх бакоў мяккімі схіламі спускалася ўніз, на шырокую і роўную пляцоўку, агароджаную для надыходзячага гульбішча моцным частаколам. Для ўезду байцоў у паўночнай і паўднёвай сценах агароджаны былі адтуліны, застаўленыя моцнымі драўлянымі брамамі і настолькі шырокія, што два коннікі радам маглі ўехаць. Каля кожнай брамы стаялі па два герольды, пры іх па шэсць трубачоў, столькі-ж вестуноў і, акрамя таго, па моцнаму атраду ўзброеных воінаў як для падтрымання парадку, так і для таго, каб устанаўляць званне рыцараў, што з’яўляліся прыняць удзел у турніры.

Па той бок паўднёвай брамы, на натуральным узвышшы невялікага бугра, стаяла пяць раскошных шатроў, упрыгожаных сцягамі чырвона-бурага і чорнага адцення. Гэтыя колеры былі выбраны рыцарамі-арганізатарамі (пачынальні-