Старонка:Айвенго (1934).pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

але толькі дзеля захавання твайго жыцця і дзеля цэласці твайго цела.

— Дзякую за апеку нада мною, — адказаў пілігрым, усміхаючыся, — я пакарыстаюся тваёю ласкавасцю, і толькі асаблівае няшчасце можа перашкодзіць мне ўзнагародзіць цябе.

Яны расталіся і рознымі шляхамі накіраваліся ў горад Шефільд.


РАЗДЗЕЛ VII

БЫЛА неспакойная эпоха. Кароль Рычард быў у палоне ў герцага Аўстрыйскага. Кіраваўшы, замест яго, прынц Іоан уступіў у саюз з французскім каралём Філіпам, ворагам Рычарда, і скарыстоўваў увесь свой уплыў на герцага Аўстрыйскага, каб ён як можна далей трымаў у палоне яго брата, Рычарда Львінае Сэрца. Ён падбіраў сабе прыхільнікаў, маючы намер у выпадку смерці караля Рычарда заняць прастол замест свайго пляменніка Артура, герцага Брэтанскага, які быў сынам яго старэйшага брата Жафруа Плантагенета. Потым, як вядома, ён ажыццявіў гэты намер. Сам характару лёгкадумнага, распуснага і крывадушнага, прынц Іоан без цяжкасці прыцягнуў на свой бок не толькі тых, хто меў прычыны баяцца гневу Рычарда, але і ўсю шматлікую дружыну „адважных беззаконнікаў“, якіх крыжавыя паходы вярнулі на бацькаўшчыну, абагаціўшы ўсімі заганамі Усхода, якія праглі толькі аднаго: выкарыстаўшы міжсобіцу, паправіць свае матэрыяльныя справы.

Сяляне, даведзеныя да адчаю ўціскам феадалаў і бязлітасным законам аб ахове лясоў і палявання, партыямі ішлі ў лясы або ў пустэльныя мясцовасці і адтуль рабілі напады на сваіх прыгнятальнікаў. Дваране, з якіх кожны імкнуўся ўмацавацца ў сваім замку і разыграць ролю самаўладнага ўладара, на чале банд тэрарызавалі вакольнае насельніцтва. Каб пракарміць сваю шматлікую дварню і падтрымліваць у сваім быту роскаш, дваране стараліся пазычаць грошы дзе толькі ўдавалася, часцей усяго ў яўрэяў, а потым спрабавалі паправіць свае расстроеныя справы, учыняючы жорсткія зверствы над сваімі крэдыторамі.