Старонка:Айвенго (1934).pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У сенцах яго чакаў слуга. Узяўшы факел з рук служанкі, ён, спяшаючыся, павёў госця ў знадворную пабудову, якая была самай дрэннай часткай будынка, дзе цэлы рад невялічкіх каморак або келляў служыў для начлега слугам і нязнатным гасцям.

— Дзе тут начуе яўрэй? — запытаў пілігрым.

— Поруч з вамі.

— А дзе спіць Гурт, свінапас? — спытаўся вандроўнік.

— Гурт спіць у той каморы, што па правую руку ад вас.

Пілігрым увайшоў у прызначаную для яго камору і ўзяў факел з рук слугі. Прычыніўшы дзверы свае келлі, ён уваткнуў факел у драўляны падсвечнік, зроблены ў сцяне, акінуў вокам гэту спальню, абстаноўка якой адрознівалася надзвычайнай прастатой. Яна складалася з аднаго вельмі груба зробленага стула і яшче больш грубага ложка або драўлянай плоскай скрыні, напоўненай чыстай саломай, на якой замест пасцелі разасланы былі дзве ці тры авечыя скуры.

Пілігрым патушыў факел, не распранаючыся, расцягнуўся на гэтай першабытнай пасцелі і заснуў. Ён прачнуўся, калі першыя праменні сонца заглянулі ў аконца з кратамі. Тады ён устаў, паправіў на сабе вопратку і, вышаўшы з каморы, асцярожна прыўзняў завалу на дзвярах у суседнюю камору і нячутнаю хадою ўвайшоў да яўрэя.

— Не бойся мяне, Ісаак, — сказаў пілігрым, — я прыйшоў да цябе, як сябра.

— А што-ж трэба вашай мосці ад мяне і ў такі ранні час?

— Я хацеў табе сказаць, — адказаў пілігрым, — што калі ты не пойдзеш з гэтага дома і не пастараешся адысці як можна далей і як можна хутчэй, з табою можа здарыцца ў дарозе вялікая бяда.

— Ды каму-ж цікава нападаць на такога нікчэмнага бедняка, як я! — ускрыкнуў яўрэй.

— Калі рыцар храма ўчора ўвечары праходзіў праз залу, ён звярнуўся да сваіх мусульманскіх нявольнікаў на сарацынскай мове, якая мне добра вядома, і загадаў ім сёння раніцою сачыць за тым, куды ты паедзеш, схапіць цябе і адвезці ў замак Філіпа дэ-Мальвуазен або да Рэджынальда Фрон дэ-Бёф.