Старонка:Айвенго (1934).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Храмоўнік у сваю чаргу зняў з шыі залаты ланцугі кінуў яго на стол, гаворачы:

— Прашу абата Эймера прыняць на захаванне мой заклад і заклад гэтага безыменнага вандроўніка, у пасведчанне таго што, калі рыцар Айвенго ўступіць на зямлю, амываемую чатырма марамі Брытаніі, ён будзе выкліканы на бойку з Брыянам дэ-Буагільберам, і калі не адкажа на гэты выклік, я абзаву яго трусам з вышыні сцен кожнага з існуючых у Еўропе камандорстваў ордэна храмоўнікаў.

— Да гэтага не дойдзе справа, — умяшалася лэдзі Равена, перарываючы сваё доўгае маўчанне. — Няхай хоць мой голас будзе ў абарону Айвенго, калі ніхто ў гэтым доме не жадае за яго заступіцца. Я абвяшчаю, што ён прыме ўсякі выклік на чэсную бойку…

У душы Седрыка ўзнялася такая завіруха супярэчлівых адчуванняў і мыслей, што ён быў не ў сіле прараніць ні слова. Радасная гордасць, гнеў, замяшанне змяняліся на яго адкрытым і чэсным твары, быццам цені ад воблакаў, што перабягаюць над каласістаю ніваю. Хатняя прыслуга, на якую адно імя Айвенго зрабіла ўражанне электрычнай іскры, прытаіўшы дыханне, чакала, што будзе далей, не спускаючы вачэй з гаспадара. Але калі загаварыла Равена, яе голас як быццам прымусіў яго ачнуцца і апрытомнець.

— Лэдзі Равена, — сказаў ён, — калі-б спатрэбіўся яшчэ заклад, я сам, як ні адчуваю нанесеную мне крыўду, гатоў сваім уласным гонарам паручыцца за гонар Айвенго.

— Ну, сэр Седрык, — сказаў абат, — ваша добрае віно такое моцнае, што ў мяне ў вушах ужо звоняць да вячэрні. Дазвольце нам яшчэ раз выпіць за здароўе лэдзі Равены і адпусціце нас на супачынак.

Краўчы разліў усім па апошняму, так званаму „развітальнаму“ келіху віна, пасля чаго госці нізка пакланіліся гаспадару і лэдзі Равене, усталі і разышліся па залу, а Седрык і яго выхаванка выйшлі ў двое розных дзвярэй, накіроўваючыся ў свае „палавіны“, разам з сваімі бліжэйшымі слугамі.

— Б’юся аб заклад, — сказаў храмоўнік Ісааку, праходзячы міма яго, — што твая каліта бітком набіта шэкелямі[1].

  1. Шэкель — манета.