Старонка:Айвенго (1934).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Першы па ваеннаму майстэрству, — пачаў пілігрым, быў Рычард, кароль Англіі.

— Я яму дарую! — ускрыкнуў Седрык. — Дарую нават тое, што ён — патомак тырана, герцага Вільяма нармандскага.

— Другім быў граф Лейстэр, а трэцім — сэр Томас Мультон з Гільсленда.

— Гэты, прынамсі, саксонец! — сказаў Седрык у захапленні.

— Чацверты — сэр Фульк Дойлі.

— Таксама саксонец! Ну, а хто-ж быў пяты?

— Пяты быў сэр Эдвінд Торнхэм.

— Чыстакроўны саксонец! — ускрыкнуў Седрык. — А шосты? Шостага-ж як завуць?

— Шосты, — адказаў пілігрым, памаўчаўшы і як-бы збіраючыся з мыслямі, — быў зусім юны рыцар, мала вядомы… Імя яго я запамятаў.

— Сэр пілігрым, — сказаў Брыян дэ-Буагільбер з пагардаю, — такое прытворнае запамятанне найшло на вас вельмі позна, і вы паспелі прыпамятаць так многа, што вашы хітрыкі не дасягнуць мэты. Я сам назаву імя рыцара, якому пасшчасціла, спужаўшы майго каня, выбіць мяне з сядла сваім кап’ём. Яго звалі рыцар Айвенго; прымаючы пад увагу яго моладасць, ні адзін з яго паплечнікаў не перагнаў яго ў майстэрскім валоданні зброяй. І ўсё-такі я скажу, і голасна пры ўсіх паўтараю, будзь ён у Англіі і пажадаў-бы ён на надыходзячым турніры зрабіць той выклік, які паслаў мне ў Сен-Жан-д’Акры, я, маючы цяпер такога каня і такую зброю, якімі валодаю, гатоў схапіцца з ім, якой ён захоча зброяй і тады яшчэ паглядзім, чыя возьме.

— Хуткі адказ быў-бы на ваш выклік, — адказаў пілігрым, — калі-б ваш праціўнік тут прысутнічаў. Калі Айвенго калі-небузь вернецца з Палестыны, я вам ручаюся, што ён будзе біцца з вамі.

— Добрая зарука! — з пагардаю праказаў храмоўнік. — А які заклад можаце вы мне прапанаваць?

— Хоць-бы гэты каўчэг, — сказаў пілігрым, выняўшы з-за пазухі маленькую скрынку з слановай касці.