Старонка:Айвенго (1934).pdf/232

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Звар’яцелі вы, панове, — сказаў прыёр. — Дзе-ж я вазьму такую суму? Калі я прадам і дараносіцу, і падсвечнікі з алтара, і то ледзь выручу палову гэтых грошай, ды і для гэтага мне самому трэба з’ездзіць у Жарво. Аднак, можаце пакінуць у сябе заложнікамі маіх двух манахаў.

— Гэта была-б вельмі рызыкоўная справа, — сказаў начальнік, — лепш ты ў нас заставайся, прыёр, а іх пашлі за сваім выкупам. Тымчасам мы цябе голадам марыць не будзем: шклянка віна і кавалак запечанай дзічыны заўсёды да тваіх паслуг, а калі ты сапраўдны аматар палявання, мы табе пакажам такія віды, якіх яшчэ не было ў вас на поўначы. А цяпер, айцец Эймер, як вы думаеце, ці мае сродкі сам Ісаак даць за сябе выкуп?

— Ці мае ён сродкі! — падхапіў раззлаваны прыёр. — Ды гэта-ж Ісаак з Іёрка, багатыр. Я асабіста з ім вельмі мала знаёмы, але наш келар і скарбнік мелі з ім бесперапынныя зносіны, і ходзяць чуткі, што яго дом у Іёрку набіты золатам і срэбрам.

— Слухай, прыёр, — сказаў капітан, — без усялякіх акалічнасцей вызначай з яго выкуп, як ён з цябе прызначыў.

— Калі вы мяне запрашаеце прызначыць выкуп, я адкрыта заяўляю, што для вас крыўдна будзе ўзяць менш тысячы крон.

— Добра! Згода! — сказаў капітан.

— Згода! — падхапілі яго дружыннікі.

— Вы хочаце ўшчэнт згубіць мяне, — заенчыў Ісаак. — Я і так у сучасны момант бяздзетны, а няўжо вы мяне пазбаўляеце нават апошніх сродкаў на пракармленне?

— Калі ты бяздзетны, тым менш табе патрэбны грошы, — сказаў Эймер.

— Прабачце, мілорд, — сказаў Ісаак, — вашы законы забараняюць вам мець сям’ю, а таму вы не ведаеце, як роднае дзіця цесна звязана з лепшымі струнамі нашага сэрца… О, Рэвека, дачка мае любае Рахілі! Я-б аддаў увесь гэты скарб, каб толькі ведаць, што ты жывая і выратавалася з рук зладзея!

— А што, у твае дачкі чорныя валасы, — запытаў адзін з дружыннікаў, — ці не было на ёй шаўковай накідкі, вышытай срэбрам?