Старонка:Айвенго (1934).pdf/231

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Капітан, — шапнуў начальніку адзін з дружыннікаў, які выконваў абавязкі яго ад’ютанта, — ці не прапанаваць абату прызначыць выкуп з яўрэя, а яўрэй хай вызначыць, колькі ўзяць з абата?

— Ты хоць і бязмозглы хлапец, а выдумаў добрую штуку, — адказаў капітан. Гэй, Ісаак, хадзі сюды! Паглядзі: гэта вялебны айцец Эймер, прыёр надзвычай багатага абацтва ў Жарво; скажы, ці шмат можна ўзяць з яго выкупу? Я ручаюся, што ты дакладна ведаеш, якія прыбыткі іх манастыра.

— О, яшчэ-б мне не ведаць, — сказаў Ісаак. — Я заўсёды меў гандлёвыя зносіны з вялебнымі айцамі: купляў у іх пшаніцу і ячмень і розную садавіну, а таксама шмат воўны. О, гэта найбагатшы манастыр, і святыя айцы ў сябе ў Жарво ядзяць сытна і п’юць салодкія віны па-горла. Калі-б у мяне быў такі прытулак, ды яшчэ такія штогадовыя і штомесячныя прыбыткі, я-б даў шмат золата і срэбра ва ўзнагароду за сваё вызваленне з палону!

— А, ты, здраднік! — усклікнуў прыёр. — Табе я думаю усіх лепш вядома, што мы да гэтага часу ў даўгу за няскончаную прыбудову да храма!

— І за дастаўку ў вашы паграбы звычайных запасаў гасконскага віна ў мінулым годзе! — дадаў Ісаак.

— Што ён меле! — сказаў прыëр. — Паслухаць яго, дык падумаеш, што наша святая брація ўлезла ў даўгі за віно, якое дазволена нам піць. Гэта хлусня!

— Гэта ўсё пустыя словы, — сказаў Локслі. — Ісаак, вырашы, колькі ён можа даць, з тым, каб не зусім злупіць з яго скуру.

— Шэсцьсот крон. Гэту суму шаноўны прыёр зусім можа заплаціць вам і ад гэтага яму не горш будзе жыць на свеце.

— Шэсцьсот крон, — паўтарыў начальнік. — Ну, добра, я здаволены. Ты праўдзіва вырашыў, Ісаак… Дык, значыцца шэсцьсот крон. Такое рашэнне, сэр прыёр.

— Рашэнне, рашэнне! — загаварылі дружыннікі. — Сам Саламон не мог-бы лепш прыдумаць.

— Ты чуў прысуд, прыёр? — сказаў начальнік.