Старонка:Айвенго (1934).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

РАЗДЗЕЛ II

НЕ звяртаючы ўвагі на ўгаворы свайго спадарожніка, Вамба час-ад-часу спыняўся сярод дарогі, карыстаючыся кожным зручным выпадкам. Дзякуючы гэтым затрымкам коннікі досыць хутка дагналі іх.

Іх было ўсяго дзесяць чалавек, з якіх двое наперадзе былі, відаць, важныя асобы, а астатнія — іх прыслуга. Няцяжка было спазнаць званне і сан адной з гэтых асоб: гэта была безумоўна духоўная асоба высокага палёту. Ён быў апрануты як францысканскі манах, але яго адзенне было пашыта з непараўнаўча лепшага матэрыялу, чым тое прадпісвалася статутам яго ордэна. Яго плашч і каптур былі з самага лепшага фламандскага сукна і не без грацыі ляжалі вялікімі складкамі на яго прыгожай поўнай фігуры. Вонкавы выгляд яго не меў ніякіх слядоў аскетызму. Вочы з-пад навіслых павек блішчэлі тым эпікурыйскім[1] агеньчыкам, які выкрывае асцярожнага ласуна. Аднак, ён так адменна валодаў сабою, што пры жаданні мог рабіць свой твар самым урачыстым і паважным. Рукавы гэтага царкоўнага саноўніка былі падбіты і аблямованы дарагою футраю, мантыя зашпільвалася на залатую засцежку.

Паважны прэлат ехаў верхам на сытым муле з пароды інаходцаў; збруя была ўпрыгожана, наколькі магчыма, а вуздечка, паводле звычаю тых часоў, абвешана срэбнымі званочкамі. Адзін з паслушнікаў, што складалі дружыну ўдалага манаха, вëў на повадзе, на ўсялякі выпадак здатнага іспанскага жарабца андалузскага завода, які быў у модзе ў багатых і знатных вяльмож. Сядло і збруя на гэтым пышным кані былі пакрыты доўгай папонай, якая спускалася амаль да самай зямлі і багата вышытай выдумным узорам, на якім былі мітры, посахі і да таго падобныя царкоўныя эмблемы. Другі паслушнік вёў на повадзе нагружанага мула, напэўна багажом настаяцеля. Яшчэ двое манахаў францысканскага ордэна, але ніжэйшага разраду, ехалі ззаду ад усіх і пасмейваліся, не звяртаючы ўвагі на астатніх членаў кавалькады.

  1. Эпікурыйскі — той, што ставіць вышэй усяго асалоду.