Старонка:Айвенго (1934).pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

п’ю за твае здароўе і за поспех усіх сапраўдных палюбоўнікаў… Толькі ты, мабыць, не з іх ліку? — дадаў ён, бачачы, што рыцар, які пачаў адчуваць шум у галаве ад бесперапыннай выпіўкі, наліў сабе келіх не віном, а вадою з кубка.

— Як-жа, — сказаў рыцар, — ці не ты мне гаварыў, што гэта вада з благаславенай крыніцы твайго апекуна, святога Дунстана?

— Так-то яно так, — адказаў пустэльнік, — і цэлымі сотнямі хрысціў ён у ёй язычнікаў, а толькі я ніколі не чуў, каб ён сам піў гэту воду. Святы Дунстан, нябось, не горш нашага ведаў правы і абавязкі добрага манаха.

З гэтымі словамі ён узяў арфу і заспяваў:

Ну, ідзі, шукай па свету,
Не знайсці табе ніяк
Гэткіх спрытных і вясёлых,
Як другі манах-басяк!..
Мы жывём сабе, гуляем,
Нам прыбытак — чорта страх.
Усюды ружы без калючак
Сціпла рве адзін манах!

— Сапраўды, — сказаў рыцар, — праспяваў ты добра і весела і ўславіў сваё званне, як належыць. А дарэчы, пра чорта, святы алтарнік, ты не баішся, што ён калі-небудзь адведае цябе якраз у часе супроцьцаркоўных практыкаванняў?

— Супроцьцаркоўных? — працягнуў пустэльнік. — Гэта я вінен супроць царквы?.. Вось ужо ніколі! Пляваць мне на такое абвінавачанне. Я служу сваёй капліцы верай і праўдай: дзве імшы кожны божы дзень, ютраню і вячэрню, часы, кануны, павячэр, колькі разоў адно „Верую“ прачытаеш, ды яшчэ „Багародзіцу“ і „Ойча наш“…

— Выключаючы толькі відныя ночы, калі добра паляваць на дзічыну, — падказаў госць.

Раптам вельмі моцны стук страсянуў дзверы хаціны.


РАЗДЗЕЛ XVIII

ВЫЙШАЎШЫ з замка прынца Іоана, саксонскія таны тойчас сабраліся выязджаць з Ашбі. Пакуль яны садзіліся на коняй, разам з сваёй дружынай, адбылася некаторая затрымка і мітусня, і тут у першы раз Гурт папаўся на