Старонка:Адраджэньне 286-301.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

задань, пісьменства народу нацыянальна-прыгнечанга мае свае асабістыя, адмыслова - нацыянальныя заданьні. Перад беларусінскім, напрыклад, пісьменствам стаіць яшчэ адна справа, невядомая тым шчасьлівым народам, што жылі бясьпечна ад нацыянальнага прыгняценьня. Нашае пісьменства, выяўляючы духоўную істоту свайго народу і рысуючы яго жаданьні, ідэалы, мусіць бараніць яшчэ сваю народнасьць ад загубы, пагражаючай ёй збоку захватніцкіх імкненьняў сваіх дужэйшых суседзяў. Пісьменства народу нацыянальна-прыгнечанага нямінуча становіцца абаронцам свае народнасьці, нацыянальнай самабытнасьці свайго народу, свайго асобнага ўкладу жыцьця, а ў першую чаргу свае мовы. Бо калі мова для народаў нацыянальна дужых, служыць толькі спосабам для лягчэйшага ўзаемнага паразуменьня, то для нас, беларусінаў, як і для кожнага нацыянальна заняпалага народу, мова становіць аснову культурнага жыцьця. Калі немец, француз, ангелец ці расіец карыстаюцца сваёю мовай натуральна, як натуральна карыстаецца здаровы чалавек сваім здароўем, не адчуваючы навет яго, то мы, беларусіны, рвемся да свае мовы, як хворы да здароўя. Як рыба вады, як кожнае стварэньне патрабуе воздуху, так мы ня можам не бараніць свае нацыянальнай асобнасьці, каб не памерці. Натуральнае імкненьне кожнае жывое істоты, кожнага стварэньня — жыць як можна лягчэй і прыемней, а найбольшай прыемнасьці і лёгкасьці можна дасягнуць толькі ў сваіх родных, прызвычаеных умовах жыцьця. Вось чаму кожны народ мусіць бараніць сваю нацыянальную незалежнасьць, калі ня хоча памерці. І пісьменства, адбіваючы жыцьце свайго народу і выяўляючы імкненьні, становіцца ў першых радох у барацьбе народу за сваю нацыянальную самабытнасьць. Роль нацыянальнага заступніцтва ўзяло на сябе нашае пісьменства даўно, яшчэ з часу політычнай суполкі з Польшчай, калі першы раз востра пачулася нацыянальная небясьпека. Ужо ў XVІ-м сталецьці наш слаўны перакладчык бібліі Францыск-Георгі Скарына з Полацку выступіў на абарону свае нацыянальнасьці. Ён пісаў: «панежа ад прыраджэньня зьверы, хадзяшчыя ў пустыні, знаюць ямы свая; пціцы, лятаюшчыя па воздуху, ведаюць гнезды свая; рыбы, плываюшчыя па моры і ў раках, чуюць віры свая; пчолы і тым падобныя бароняць вульняў сваіх, — такжа і людзі, і гдзе зрадзіліся і ускормлены суць па бозе, к таму месту вялікую ласку імаюць». Скарына бачыў, як перакідаліся вышэйшыя станы ў польскі бок, як сваё роднае закідаецца і зьневажаецца і, прыступаючы да свае вялікае літаратурнае працы (пабеларуску, ане па ц.-славянску, як практывавалася да таго часу) пісаў, што робіць ён гэта «найболей з тае прычыны, іжа мя міласьцівы бог з таго языка на сьвет пусьціў». І вось, пачынаючы з Скарыны нашае пісьменства ані на момант не забывала свае, нацыянальнае справы, справы абароны свае народнасьці. І калі за нашую памяць беларушчына зьневажалася і душылася, калі ніхто не прызнаваў нас за народ, калі расійскія і польскія вучоныя навукова даводзілі, што ніякіх беларусінаў ня было, няма і быць не павінна, калі народ наш называлі расійскім імпэрыалістычным тэрмінам «западна-рускіх» (на жаль, ня ізжытага і дагэтуль, бач - журнал "Труды беларускага унів." арт. Савіча),—тагды Якуб Колас пад займеньнем Т. Гушчы, як прозаік, выступіў з апавяданьнем «Дудар». У гэтым апавяданьні ў вобразе трох братоў выступаюць: беларусін, украінец і расіец або велікарус. На падгаворы велікаруса забыць сваю беларускаю мову, бо гэта мова нямая, бо яна не дала сьвету нічога, чым-бы можна было пахваліцца, беларусін адказаў:

«Брат!, раскажу табе казку. Пасадзіў пан дудара ў глыбокім склепе за каменныя съцены і кажа яму: «Грай мне на дудцы, каб я чуў твае песьні, і тады я пазволю табе сьпяваць людзям песьні і дам табе права расказаць сьвету пра твае думкі. Праз