Старонка:Адраджэньне 286-301.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ля крыжа—эмблемы хрысьціянскай веры—ды як тая жанчына ў сцэн. творы «На дарозе Ж.» моліцца найвышэйшай сіле: «Божа, расьпяты на крыжы! Зьнімі з мяне цяжкі крыж мой і пакажы мне дарогу ў сэрца маіх дзетак!» Але мы ведаем, мы ўжо бачым, што тая дарога ўжо знойдзена, і па ёй агромністай чарадой варочаюцца беларусіны да дому. А значыць, сапачынак ужо блізка. Блізка нашая Абяцаная Зямля. Беларусь падышла да мяжы яе. Ужо можна ўзайці на тую высокую гоpy, адкуль відаць шырокія прасторы свайго ўласнага нацыянальнага жыцьця. Там, у межах нашае Абяцанае Зямлі, мы будзем гэтак сама жыць, працаваць і змагацца, але праца наша, барацьба наша асалодзіцца нявымоўнай радасьцю свае нацыянальнае творчасьці, бо толькі на роднай глебе, на родных карэньнях дае дрэва багаты і пажаданы плён... Яшчэ ня раз мы спатыкнемся, яшчэ ня раз акрывавяцца рукі нашы і ногі нашы на камяністай дарозе да новага жыцьця, але Абяцаная Зямля відаць. Ясным сонцам яна сьвеціць нам і нагародзіць тых, хто так прагнуў яе, што й душу сваю аддаваў за краіну сваю. Так, Беларусь яшчэ ў муках адраджэньня, але падыходзіць ужо час яе доўгачаканага сапачынку...

Беларусь у вобразе няшчаснай мацеры, шукаючай сваіх пагубленых дзяцей—гэта ўлюблёнае ўвасабленьне Якуба Коласа. На гэтую тэму мы маем яго вялікай натхненнасьці верш «Няшчасная маці» у новым зборніку вершаў «Водгульле» (стр. 32):

У кожную ночку, як сьвет заціхае,
І зоркамі гляне гара,
Халодныя нутры зямля раскрывае,
З тых нутраў выходзіць мара.

Ідзе яна ціха, як ночка, панура,
Ідзе пад крыжы-растанцы,
Стаіць нярухома, выглядвае хмура—
Усе аглядае канцы.

І далей бяз шуму ідзе на балоты,
Ідзе, некрануўшысь расы,
І плачуць ёй сьледам пудліва чароты,
І ціха шумяць ёй лясы.

Абходзіць магілы, на прыклад садзіцца
І сёлы вартуе яна,
Па роднаму краю снуе і цяніцца,
Заўсюды панура, адна…

* * *

І людзі гавораць, што часта чувалі
Апоўначы плач на палёх,
І часта кабету адну сустрачалі,
Гаротную, ўсю ў рызманох.

І чулае вуха той плач улавіла.
«Ой, дзетанькі!»—плача яна:
«Ці-ж я за тым вас на сьвет парадзіла,
Каб век заставалась адна?

Каб крыўдзілі людзі і жыць не давалі?
За што-ж вы зракліся мяне?
За што вы матулю жывой пахавалі?»
Так плача ўсё здань ў цішыне.

Тут мне ўспамінаюцца словы старасьвецкага польскага поэты Каханоўскага: «А калі адчынены каму дзьверы да неба, то гэта тым, хто служыў айчыне». Калі праўду сказаў Каханоўскі, калі заслугі, паложаныя для айчыны, адчыняюць дзьверы да неба, то наш найслаўлейшы поэта Якуб Колас будзе цешыцца вечным райскім жыцьцём, несьмярценнаю славай поэты-беларусіна, бо ён верна слугаваў і слугуе сваей айчыне пяром, абмочаным у сьлязах смутку і жальбы. Любоў яго да маці-Беларусі, што нарадзіла і выгадавала яго, шырокая, як мора, і безгранічная, як сьвет. Мы маем поэтыцкую творчасьць Якуба Коласа, пранятую такім агністым замілаваньнем да свае няшчаснае айчыны, якога ня выявіў ніводзін славянскі народ, не выключаючы і Польшчы. А гэта ўжо скарб ня толькі беларусінскі, гэта ўжо дыамэнт у кароне агульна-людзкой літаратуры.

Уся літаратурная творчасьць Я. Коласа—творчасьць нацыянальная. У ёй, як у люстры, адбіваецца нашая прырода, дух і характар нашага сялянскага народу, аднолькава, як у па-