Старонка:Адраджэньне Беларусі і Польшча, ч.2.pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сьмешна было-б даводзіць польскаму грамадзянству, асабліва яго соцыалістычнаму крылу, што беларускае адраджэньне ніколі не адмовіцца на карысьць Польшчы ад 2-х мільёнаў каталікоў. Бо што-ж тады прыйшлось бы рабіць з беларусамі — праваслаўнымі? Хіба аддаць іх пад „единовѣрчую Россію"? Іншымі словамі пахаваць самую ідэю адраджэньня і паставіць крыж над будучынай народа.

Ясна, што гэтага ніколі ня будзе. Наадварот, — каталіцкая частка Беларусі, як больш нацыональна сьвядомая (што мы з пэўным правам можам констатаваць) зьявіцца, як і зьяўлялась да сёняшняга дня, забаспечаньнем уваскрасеньня, а ня сьмерці сваей Бацькаўшчыны.

І таму першае, што вымагае адраджэньне Беларусі ад сучаснай Польшчы, — гэта пагадзіцца з фактам існаваньня беларускага народу як адзінага цэлага, кінуць дзяліць яго па рэлігійнай азнацэ і не распаўсюджваць сваіх дзяржаўных прэтэнсый далей сваіх этнографічных граніц.

Беларускае адраджэньне вітае ідэю пястоўскай Польшчы, але ніколі не пагодзіцца з ідэяй ягеллёнскай Польшчы, як трактуе яе польская думка. Калі Польшча хоча міру з адраджаючайся Беларусьсю, яна павінна вярнуцца да прэдрэвалюцыйнага лёзунгу: „польская зямля там, дзе яе арэ рука польскага селяніна". Гэта ў вышэйшай ступені справядлівая формула.

Рэвалюцыя, што вярнула Польшчу да жыцьця, не магла ей даць права забіраць тое, што ей не