Старонка:Адраджэньне Беларусі і Польшча, ч.1.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЧЫТАЧУ.

Гэтую працу я напісаў амаль год таму назад, але з прычын ад мяне незалежных, ў друку яна зьяўляецца толькі цяпер. Ня гледзючы на гэтулькі вялікі тэрмін, мне не прыйшлося нічога ў ей зьмяніць: ў істоце сваей беларуска — польскіе ўзаемаадносіны можна лічыць непахітнымі. Пакуль будзе істнаваць польскі памешчыцкі стан на Беларусі, — датуль Польшча будзе перці на Беларусь, — датуль ня будзе згоды паміж польскім і беларускім народам.

Я сьвядома узяў тэмаю беларуска—польскіе адносіны і толькі ў некалькіх словах зачапіў пытаньне адносін да ўсходу. Ўсход мы добра ведаем, — на нашых руках і нагах сьляды ланцугоў, якімі ён нас трымаў; раны нацыональнай душы нашай — не загаілась. Справа ўсходу — справа учарайшага і, па часьці, справа заўтрашняга дня.

Пытаньне адносін да Польшчы — справа сёняшняга дня.

Ўчора мы былі з ей разам — ў адным лагеры пратэстуючых, ў адным лагеры змагаючыхся супроць царызму. Польшча была для нас прыкладам, — „распятая на крыжу!“ — была старшым братам ў цяжкой барацьбе, надавала сілы і веры…