Старонка:Адраджэньне Беларусі і Польшча, ч.1.pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„Гэтая Русь, насколькі яна ёсьць і будзе польскаю, творыць непадзельную частку нашае дарагой бацькаўшчыны... Жыве тут-ка просты народ славянскага племяні, здаўна парадніўшыйся з сямьёй ляхаў, чэсны, але убогі і мала вядомы нават уласнай айчызьне яго, Польшчы, хаця-ж ён любіць яе больш за ўсё. З даўных часаў народ гэты быў об'ектам спору паміж суседзяў; але іх напады засталіся дарэмнымі; народ уцалеў, каб давясьці ім, што ён сам можа абраць сабе гаспадара і чужых наездцаў ня хочэ знаць. Ён выбраў сабе, нарэшці, Польшчу за маці, кінуўся ў яе апякунчые абняцьця і прытуліўся да яе са усей сыноўскай любоўю."

Аўтар годзіцца, што „татарскі наплыў маскалёў закрануў гэту старану бліжэй, як якую небудзь другую частку Польшчы, але ён ніколі не пранікаў „ў глыбіну сэрца" народу, як пранікала Польшча і ня здолеў з ім зліцца ў адзінае цела, у адну душу“.

Згодна са словамі аўтара, беларус аддаляецца ад маскаля і нават чуець да яго агіду. У гэтым не малую ролю адыгрывае рожніца релігіі, дзеля таго што схізма ёсьць для гэтага народу сынонімам паганства".

Беларуская мова, згодна апініі аўтара, так сама больш зьвязвае беларусаў з Польшчай, чым з Масквою.

Цікава, што кніжку сваю Рыпінскі пасьвяціў „першаму з беларускіх мужычкоў, (кмёткаў), каторы наперш навучыцца чытаць, а пасьля гаварыць і думаць па-польску."