Старонка:Адраджэньне Беларусі і Польшча, ч.1.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Другім фактарам, спрыяўшым абзнаёмленьню беларускага народу з народам польскім, зьяўляецца змаганьне апошняга за узварот быўшай палітычнай свабоды. Гэтые змаганья адбываліся, як ведама, у значнай меры на Беларусі. У губерніях Віленскай і Гродзенскай лік рэвалюцыйных выступленьняў ў 63-64 г. быў блізка такі-ж, як і ў цэнтральных польскіх губэрніях.

Беларускі народ, праўда, прыймаў у іх саўсім малае учасьце. Прычына была ў тым, што яму фактычна не зашто было змагацца. Памяці аб Польшчы, як аб часах для яго лепшых, беларускі селянін не захаваў. Новы пан у істоце быў тым жа старым польскім панам; куды ішлі плачаные ім падаткі, — ў польскі скарб, ці ў расейскую казну, — беларускаму селяніну ў глыбокай меры было усё роўна.

Палітычнай сьвядомасьці, так сама як і нацыональнай, беларуская маса ў тые часы яшчэ ня мела; да гэтага было яшчэ лішне далёка. Істоты адбываючагося змаганьня яна не разумела, як не разумела і не хацела прызнаваць лёсунгаў, пад якім яна велася. Яе не маніла пэрспэктыва трапіць ізноў пад панаваньне Варшавы, асабліва пасьля таго, як стала ведама аб маніфэсці, касуючым прыгонную залежнасьць.

Што датычэ усходнай, чыста праваслаўнай Беларусі, то відаць было хутчэй адваротнае зьявішчэ: праваслаўнае жыхарство адчувало, што Масква, як бытцым, бліжэй ей па веры, але і з ëй еднасьці палітычнай, нацыональнай і рэлігійнай беларускае селянство, пражыўшае некалькі сталецьцяў пад уніей, побач с каталіцтвам, не усьведамляло.