Старонка:Адраджэньне Беларусі і Польшча, ч.1.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

яшчэ не засуджэн на скон. Пакуль ня вычэрпалася крыніца ўсей волі нацыі, датуль гэта нацыя ня можэ быць зьніштожана. Заніштажаецца адрузьлеўшая засохшая часьціна. Народ заменяе гэты адумершы гангренны член, адсекае яго і ў зьвязку з гэтым перэмешчае цэнтры сваей творчай волі.

У гэткі пэріод народ падобен хвораму, на неякі час утраціўшаму магчымасць адпору і чэкаючаму даканчаньня працэса хворасьці, каб з новымі сіламі стануць на ногі, дзеля новага жыцьця і далейшага змаганьня. Гэткі крытычны пэріод вельмі небаспечан: гістарычные варункі, паміж якіх жыве і абнаўляецца нацыя, могуць аказаць катастрофічные ўплывы на яе долю і надоўга затрымаць яе натуральнае разьвіццё.

Калі пэріод хвараблівага перабудаваньня нацыі зыходзіцца па часу з гэткім самым працэсам у суседніх народаў, то німа небаспекі староннага ўмешаньня: увага ўсіх скіравана ўнутр сябе, на змаганьне са сваей хворасьцю, са сваей нягодаю. Калі-ж гэтага німа, то ўмешаньне неунікнёнае.

Здолеўшый ачуняць ад ўласных хворасьцей, народ пасьпешае скарыстацца часовай слабасьцю свайго суседа і пад рознымі аслонамі, а часьцей за ўсё вайной, кіруецца захапіць яго і прымусіць служыць сваім інтэрасам.

Гэты захват і паняволеньне, у залежнасьці ад фізычнай сілы і палітычнага спрыту захватчыка і ад сілы і спрыту паняволенага, цягнецца розны час. Гісторыя сьведчыць (Польша, Чэхія, Украіна) што звальненьня ад палону народам прыходзіцца чакаць сталецьцямі.