Старонка:Адвечным шляхам (1921).pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

насьці пад ласкай сымпатычных суседзяў, ці навет аб незалежнасьці гаспадарсьцьвенай з абязковай дыктатурай, якой-небудзь, кіруючай клясы. Бо для нас грамадзян-беларусаў усе роўна, хто паложыць на наш стол свой капыт ў лякерках, ці свой шляхціц-пан, ці соцыялістычны таварыш, ці запанеўшы мужык, — ня ў гэтым знойдзе свой выраз „воля сьвятая, чаканая“… Не аб гэтым лятуцелі вяшчуны.

І вось, калі чалавек даволі малады сэрцам, каб мець надзею, што з жыцьця можна зрабіць нешта цікавае і каштоўнае затрымаецца думкай над сучасным жыцьцём, дык спачатку яму пачне здавацца, што выхаду няма, што сьветлае і праменнае — толькі мана, а направер усё апыняецца пылам і гразьзю. Запраўды, гдзе-ж той сьветагляд актыўных людзей, шчыра кахаючых працоўны народ, для якіх яго доля — іх доля, дзе-ж такі сьветагляд каб ён здаволіў сумленнага чалавека?

Усе істнуючыя пагляды на жыцьцё можна груба і прыблізна падзяліць на два станы: адны кажуць — „ўсё істнуючае разумна“, другія-ж — неразумна. Хай выбачыць нам Гэгэль, што мы яго формулу скарыстаем у тым сэнсе, як яе ўжывае грамадзянства, а ня ў точна такім, які ўлажыў у яе вялікі філёзоф.