Старонка:Адвечным шляхам (1921).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

адзінай палітычнай улады. «Уся ўлада цару» — гэты покліч так блізкі па свайму палітычнаму зьместу да лёзунгу сучасных усходніх максімалістаў: «Ўся ўлада саветам» і ў абодвых выпадках паказвае, што іх дух — не затрымліваецца па сярэдзіне, то кожную форму трэба правясьці ў найбольшай чыстаце.

«Коль любить — так без разсудку,
«Коль ругнуть — так сгоряча,
«Коль рубнуть — так уж сплеча…

вось, як характарызуе сябе велікарос. Калі ён незадаволены істнуючым, дык яго абхоплівае зуда перавярнуць ўсё дагары нагамі. Такой рысай адзначавалася ўся чыннасьць Пятра, гэта-ж бачым і ў сучаснасьці. Абхапіць ўсё жыцьцё разам, зьмяніць і вялікае і малае, пранікнуць далейшыя куткі жыцьця аднэю прызнанай формай, адмятаючы бяз ніякага жалю ўсё непадобнае — ідэя ўсходу ўва ўсіх яго палітычных, соцыяльных і духоўных кірунках.

Усходні чалавек лічыць, што жыцьцё павінна быць вызначаным, што ў ім хаваецца нейкая адзіная праўдзівая сутнасьць, каторую і патрэбна вызначыць. Дзеля, гэтага на ўсходзе ня могуць ужыцца дзьва праціўныя ідэі; калі на захадзе барацьба вынікае толькі ў асобыя часы агульнага спалоху і тады па ўсёй зямлі ідзе забой-