Перайсці да зместу

Старонка:Аграрна-коопэратыўная палітыка будучыні (1936).pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гаспадарчых працэсаў вяліся-б на коопэратыўных падставах.

Зразумела, што гэткія гаспадарчыя аб‘яднаньні павінны быць такога харахтару і разьмеру, каб яны былі самавыстарчальнымі і каб маглі застасаваць у сябе розныя тэхнічныя ўдасканаленьні.

Арганізацыя больш буйных гаспадарак шляхам дабравольнага і сьведамага злучэньня дробных, у мэтах супольнай эксплёатацыі зямлі, прынясе вялікія карысьці сялянству. Калі гаспадар, які мае 3 або навет і болей гэктараў зямлі, ня можа стасаваць у сябе жняярку ці малатарню, то для 20 такіх гаспадароў гэткі набытак зусім даступны.

Бачым тут, што коопэратыўныя (арцельныя) хвормы гаспадараваньня куды выгаднейшыя ў параўнаньні з хвормамі індывідуальнымі. І дзяржава павінна будаваць сваю аграрна-коопэратыўную палітыку, выходзячы з гэтага пункту гледжаньня.

Да гэтай справы трэба падходзіць плянова, зьвяртаючы асаблівую ўвагу на моладзь, як элемэнт больш падатны да ўсяго новага. Ад маладога пакаленьня лягчэй дабіцца таго, каб вёска ахвотна пераходзіла на новыя хвормы гаспадараваньня, не патрабуючы ніякага прымусу з боку дзяржавы.

У выніку ўсіх гэтых мерапрыемстваў, мы ўяўляем сабе будучую вёску, як гаспадарчую коопэратыўна-арцельную адзінку, дзе ўсе сябры аднак ня страцілі асабістага зацікаўленьня ў выніках сваёй працы. Трэба, знача, пагадзіць інтарэсы суцэльнасьці (арцелі) з інтарэсамі спалучаных гаспадароў.