Старонка:Агні (1930).pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПЕСЬНЯ

Пагудкі-паданьні зьмяняюцца з часам
І ўнукам у памяць ідзе
Густымі садамі абкружаны насып
Ды байкі паважных людзей,
Загінула, канула княжая слова
Далёкай крывіцкай пары…
Стаяць непарушна сады Амсьціслава
Па ўзвальлях Дзявочай гары
Сады тыя баюць…
Сады тыя маюць
Ня мала аб чым расказаць,
А болей раскажа сьцяна векавая
Ды чорная горная гладзь, —
Як колісь дзяўчаты пяску нанасілі,
З пясчынак злажылі гару;
Як людзі дзявочай яе ахрысьцілі
У лютую тую пару…
Тады і ўзьнялася гара ў недачасьсе,
Вышэй узьвіліся валы.
І вось частавалі чужынцаў на шчасьце
Катламі пякучай смалы.
Далёкія дзеі… Прывабныя міты…
Былое ахутана ў змрок…
Каменныя сьцены даўно паразмыты,
І вецер разьвеяў пясок.
Ствараецца гонар… Узносіцца слава.
Інакшай вірлівай пары,
І горда красуюць сады Амсьціслава
Па ўзвальлях Дзявочай гары…