Старонка:Агні (1930).pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ГАРАДОК

Між зялёных узгоркаў,
На кручах і ўзвальлях высокіх,
Купай нізенькіх хат
Разаслаўся стары гарадок…
Ён шпілямі касьцёлаў і цэркваў
Кранае аблокі,
Абмываецца хвалямі
Сьветлых сажовых заток.

Ноч над горадам…
Зоры зялёным запалкавым зьзяньнем
Ціха сьвецяцца там —
На выбоях асеньніх нябёс…
Брэх сабачы на плошчах…
Займаецца раньне.
Прачынаецца горад…
Хвалюецца плёс…

.............

Заблішчэлі праменьні
Па кумпалах, сьценах і стрэхах,
Залатымі пярсьцёнкамі
Ўсход упрыгожыла рань…
Хутка горад зальлецца
Вясёлкавым ранічным сьмехам,
Шумам вуліц і плошчаў
Пачне хутка
Ўзбуджана граць.