∗
∗ ∗ |
Дачакацца ня мог Іцка гэтага „заўтра“. Так марудна ідзе-цягнецца гідкі час! Так доўга ахутвае ноч… А спаць зусім ня хочацца. Дзе там…
Але вось і „заўтра“.
З заміраючым сэрцам ідзе за Пшыбыльскім Іцка.
Ляскатам малаткоў, перазвонам кавадлаў, гулам машын і трансмісій сустрэла Іцку дэпо. За варштатамі поркаюцца замурзаныя ў мазуту рабочыя. Цьвірчаць такарныя варштаты, гудзяць моторы. Як усё гэта ашаломлівае, давіць сваёй складанасьцю, размахам!
Але Пшыбыльскі абмінае варштаты, шпарка праходзіць майстэрні, ідзе да электрастанцыі — асобнага цэху дэпо. Ледзь пасьпявае за ім Іцка, нязвычны да шоламу рознагалосага, награмаджэньня варштатаў, трансмісій, жалезных частак машын, паравозаў.
Вось і электрастанцыя. Нерашуча пераступіў Іцка парог гэтага будынку.