Трэба вучыцца, трэба настойна ісьці да мэты…
І вучыцца Іцка, шпарка пасоўваецца ў навуцы наперад. Вось ужо ўсе прылады, што меліся ў габінэце Пшыбыльскага, вядомы яму. Трэба, вывучаючы па кнігах азнаёміцца на практыцы яшчэ шмат з чым. А як, дзе? Непакоіць гэта Іцку; прымушае, відаць, падумаць і Пшыбыльскага.
— Ведаеце, Іцка, — зьвярнуўся аднойчы да яго Пшыбыльскі, — заўтра ў нас на станцыі будзе разборка і рапараваньне дынамо-машыны. Вам ужо даўно трэба азнаёміцца з ёй. Я надумаўся ўзяць вас з сабой на станцыю!
Нечаканае парашэньне Пшыбыльскага аглушыла Іцку.
Пабачыць дынамо-машыну, сапраўды азнаёміцца з яе пабудовай! Гэтакае шчасьце!
Ад радасьці, зьдзіўлены, зьбянтэжаны Іцка не знаходзіў слоў, выразаў як аддзякаваць Пшыбыльскаму.
Той пасьміхаўся ў свае тараканавыя русы.