дзеце займацца са мной у мяне на кватэры два разы на тыдзень, а там будзем бачыць: мо‘ зможам прыстроіць вас працаваць і на электрычнай станцыі, паспрабуем… А пакуль хадземце ў мой габінэт, я накажу вам свае ўласныя прылады. Для вас гэта пэўна будзе цікава…
Увесь габінэт Пшыбыльскага быў застаўлены рознастайнымі струмантамі і прыладамі. Яны мясьціліся на стале, на крэслах, проста на падлозе — сапраўдная лябораторыя!
Некаторыя з прыладаў, як элемэнты Мэйндынгера, вольтмэтр, акумулятары, рубільнікі, тэлефонавы індуктар, былі ўжо знаёмы Іцку па падручніках, што чытаў ён, шмат чаго ён бачыў у першы раз.
Пан Пшыбыльскі пачаў знаёміць Іцку з прызначэньнем кожнай прылады, відаць сам захоплены, замілаваны імі.
Раптам у суседнім пакоі бразнула на падлогу перакуленае крэсла. Пшыбыльскі ізноў затараторыў, заскакаў па пакоі і пасьпяшыў скончыць.