прыдасца вам у далейшым жыць, бо вы ‘шчэ я бачу, малады. Дык вось, заўважце сабе, — калі вы прыходзіце да каго, дык трэба сьпярша лагодненька, ветлівенька паляпаць скурчаным пальцам у дзьверы. Вам на гэта адкажуць: „Калі ласка, заходзьце!“ — вось тады вы толькі можаце адчыніць дзьверы і заходзіць. А то, на табе — у-су-нуў-ся…
— Пакінь, Вацік! Каму ты чытаеш нотацыі! — нездаволена прабурчэла пані загадчыца.
— Не, не, Алёізанька, трэба маладых людзей навучаць, а то хто-ж, як ня мы, спрактыкаваныя, выхаваныя людзі, зробіць гэта? На нас ляжыць абавязак…
— Ізноў ты, Вацік! — перабіла яго больш рашуча пані і, напыжыўшыся, пакрочыла з пакою.
— Даруй, Алёізанька! Я так толькі… — усьлед ёй затараторыў Пшыбыльскі і зьвярнуўся ізноў да Рабіновіча, суха прамовіўшы:
— Ну, дык што вам трэба, малады чалавек?