Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У той-жа дзень Джэк спаткаў рыжага карліка, які запытаў, куды ён ідзе.

Джэк адказаў:

— Іду шукаць сабе жонку.

— Ну, — сказаў карлік, — такому прыгожаму малайцу ня трэба далёка хадзіць за гэтай справай.

— Не, мусіць, вельмі далёка, — адказаў Джэк, — бо такая дзяўчына, якую я шукаю, павінна мець валасы чарнейшыя, чым самы чорны груган, шчокі — чырваней за самую чырвоную кроў і скуру бялейшую, чым самы белы сьнег.

— Ну, — сказаў карлік, — на сьвеце ёсьць толькі адна такая дзяўчына, гэта Каралеўна Усходу. Шмат адважных малайцоў хадзілі да яе ў сваты, але ні водзін не вярнуўся жывым.

— Ці жывы, ці мёртвы я не заспакоюся, пакуль не дайду да Каралеўны Ўсходу і не пасватаю яе! — сказаў Джэк.

— Добра, — сказаў рыжы карлік, — толькі табе патрэбен слуга. Вазьмі мяне.

— Але-ж у мяне няма чым табе заплаціць, — адказаў Джэк.

— Гэта не бяда, — сказаў рыжы карлік, — я і так пайду з табою.

Позна ўночы яны падыйшлі да вялікага замка.

— Гэты замак, — паведаміў рыжы карлік, — належыць Асілку, які мае Плашч-Нявідзімку.

— О, — сказаў Джэк, мне даводзілася чуць аб гэтым страшным асілку. Лепш пойдзем далей і пашукаем сабе прытулку дзе-небудзь у іншым мейсцы.

— Не, мы застановімся тутака, — сказаў рыжы карлік, пастукаўшыся ў браму.

Джэк быў адважны чалавек і застаўся з карлікам. Вялікі і страшны асілак адчыніў ім браму і запытаў, чаго ім трэба.

— Нам патрэбна вячэра і начлег, — сказаў рыжы карлік.

— Ня дрэнна, — адказаў асілак. — Мне самому патрэбны і вячэра і пасьцель. Я павячэраю вашым мясам і высьплюся на вашых костачках.