Перайсці да зместу

Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


Сьнег, Груган і Кроў.

Адзін раз, у зімку, калі сьнег белым абрусам засьцілаў усю зямельку, Джэк, сын Ірляндзкага караля, пайшоў на паляваньне. Ён убачыў гругана і забіў яго. Калі груган упаў на сьнег, Джэк падыйшоў да яго і зьдзівіўся: за сваё жыцьцё ён ня бачыў нічога чарнейшага за гэтага гругана, нічога чырванейшага за яго кроў і нічога бялейшага за сьнег каля яго.

І ён сказаў сам да сябе: — Я ніколі не заспакоюся, пакуль не знайду сабе жонку, у якой будуць валасы такія чорныя, як гэты груган, шчочкі такія чырвоныя, як гэта кроў, а скура такая белая, як гэты сьнег.

Прыйшоўшы дамоў, ён расказаў бацьком аб сваім здарэньні і паведаміў іх, што пойдзе па сьвету шукаць сабе нявесты.

Кароль і каралева ўгаварывалі Джэка, што такой дзяўчыны ён нідзе ня знойдзе і стараліся адмовіць яго ад гэтага, але Джэк ня слухаў іх.

І вось ён пусьціўся ў дарогу, атрымаўшы блаславенства ад бацькі і маці, маючы ў кішэні сотню чырвонцаў, якія даў яму бацька. Доўга йшоў ён і каля паўдня на другі дзень убачыў каля могілак купу людзей, якія гаманілі над нябошчыкам. Ён падыйшоў бліжэй, распытаўся і даведаўся, што прыстаў не дазваляе хаваць цела, пакуль яму не заплацяць сто чырвонцаў. Джэку стала шкода нябошчыка і ён аддаў свае сто чырвонцаў. Усе сваякі памёршага моцна падзякавалі Джэку і пахавалі нябошчыка.