Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кі падарак, — і ён падаў ёй абрус, на якім, калі яго паслаць, зьяўлялася ўсялякая яда і піцьцё. — Калі ты пабярэшся з Гарбуном-Крывулькай, дык вы ня будзеце мець недахвату ў ядзе і піцьці, пакуль будзеце мець пры сабе гэты абрус.

Старэйшыя сёстры падскочылі і выхапілі ў Жоўтае Рожы з рук абрус, але Джэк адабраў назад, адпіхнуўшы сёстраў.

На другі дзень Джэк зьявіўся к абеду, апрануты ў адзёжу, якая была на ім на другі дзень бою. Ізноў пераскочыў ён праз браму, і калі кароль сварыўся на сваіх слуг, ён толькі сьмяяўся, кажучы, што пераскочыць гэтак высока яму нічога ня значыць.

Пасьля абеду кароль запытаўся ў Джэка, ці падабаюцца яму ягоныя дочкі і зяці. Джэк сказаў, што падабаюцца, а сам запытаўся, ці няма ў караля яшчэ дачок.

— У мяне ёсьць яшчэ адна дачка, — адказаў са смуткам кароль, — але яна мяне ня слухалася і апрача таго закахалася ў страшнога гарбуна, які працуе ў маім садзе, дык я забараніў ёй уваходзіць да мяне.

Джэк захацеў пабачыць яе, і прасіў паклікаць малодшую дачку. Ня мог кароль адмовіць дарагому госьцю і паслаў за Жоўтай Рожай. Як толькі Каралеўна ўвайшла, Джэк пачаў з ёй гутарку і стараўся з усіх сілаў заваладаць яе сэрцам. Ён апавядаў ёй аб сваім вялікім багацьці і землях, і пераконаваў, што калі яна згодзіцца выйсьці за яго, дык будзе заўсёды жыць у раскошы, багацьці і шчасьці, а што крывы гарбун ня дасьць ёй нічога.

Аж загневалася Жоўтая Рожа, пачуўшы гэныя словы і сказала:

— Я нехачу нават і слухаць такіх брыдкіх гутаркаў.

Але Джэк стрымаў яе:

— У цябе шляхотнае сэрца. Дазволь-жа мне хоць зрабіць табе падарак. І ён працягнуў руку з кескай.

— Вось, — сказаў ён, — кеска, якая ніколі не апусьцеець, і вы з Гарбуном-Крывулькай ніколі ня будзеце ведаць бяды.