Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вось табе на! — сказаў стары. — Пачаставала! Ды гэта, мусіць, ізноў той ашуканец, што сьпіць на кухні, абдурыў цябе. Ну, няхай будзе, што будзе, а цяпер я ўжо заб’ю яго!

Пераканаўшыся, што яе ашукалі, кабета сама разьярылася і зажадала крыві Маніса.

Але Маніс, прыклаўшы вуха да дзьвярэй чуў усю размову, і, пакуль стары зьбіраўся пазбавіць яго жыцьця, ён прыцягнуў у хату цялёнка, паклаў яго на тое мейсца каля печкі, дзе ранёй ляжаў сам, і прыкрыў яго коўдрай.

Адшукаўшы цяжкі молат, стары пайшоў на тое мейсца, дзе ляжаў па яго думцы Маніс. Падняўшы молат, ён з усяе сілы ўдарыў ім па галаве цяляці, каторае толькі раз застагнала „му“ і здохла. Пасьля гэтага стары, вельмі задаволены, пайшоў спаць, а млынар скіраваўся да свае хаты.

Ранюсенька старыя ўсталі, каб закапаць мельніка, але, пабачыўшы, якую штуку ён з імі зрабіў, яны ледзьве ня лопнулі ад злосьці.

Аднак-жа, калі падалі сьнеданьне, і Дональ разам з другімі ўсеўся за стол, — дык стары ўжо не сьпяшаўся чытаць удзячныя малітвы, і Дональ першы раз за сваё жыцьцё наеўся дасыта. Тое-ж самае было і з вячэрай.

У панядзелак рана, варочаючыся да хаты, Дональ адным скокам пераляцеў цераз рэчку каля млыну. Маніс выйшаў і вясёла падмаргнуў яму. Дональ схапіў яго за абедзьве рукі і сардэчна падзякаваў.

Пасьля таго кожны панядзелак Дональ пераскокваў млыновы шлюз гэтак лёгка, як верабей праз які-небудзь дубчык.

Праз тры гады стары памёр, а Дональ перасяліўся на яго гаспадарку. І трэба сказаць, што ня было ў яго лепшага госьця, як млынар Маніс.