Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


Млынар Маніс.

Жыў сабе на гарэ чалавек, звалі яго Дональ. Ён быў жанаты на дачцэ вельмі скупых і старых бацькоў, якія жылі ў нізіне. Увесь тыдзень ён мадзеў і працаваў на сваім кавалачку зямлі, а ў суботу ўвечары ішоў да бацькоў свае жонкі, каб разам правясьці сьвяточны дзень.

Дарогаю ён заўсёды праходзіў каля млына Маніса, млынара. Маніс, які сачыў за ім, дзівіўся, чаму гэта Дональ у суботу ўвечары пераскоквае праз рэчку каля млына, а калі варочаецца ад цесьця, дык пераходзіць яе ўброд. Аднойчы, у панядзелак раніцай Маніс стрымаў яго і запытаўся, што гэта знача.

— Бачыш, вось у чым справа, — сказаў Дональ, — мой стары цесьць гэткі кепскі ядун, што ўжо пачынае чытаць удзячныя малітвы ледзьве я пасьпею пралыгнуць некалькі кавалачкаў. Таму то ў панядзелак рана я бываю моцна аслабшы.

Маніс прызадумаўся на нейкі час, а потым і кажа Доналю:

— Ці можна і мне пайсьці з табою ў другую суботу? Калі дазволіш, дык абяцаю табе, што, як будзеш варочацца, дык ускок пяройдзеш праз рэчку каля млына.

— Буду вельмі рады з твае кампаніі, — адказаў Дональ.

Так і зрабілі. Калі надыйшла субота, Маніс далучыўся да Доналя і разам пайшлі яны да Доналявага цесьця.