Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Але-ж, — сказаў судзьдзя, — ты запраўды лянівы. Ня думаю, каб Кональ, альбо Тэг маглі з табой зраўнацца.

— Вось яшчэ, — адазваўся Кональ, — ды я ня менш лянівы, чымсь ён.

— Няўжо праўда? — зьдзівіўся судзьдзя. — А як-жа ты лянівы?

— Ды гэтак, што каб сядзеў каля кастра, і ты накідаў-бы ў яго торпы з цэлага балота і дроваў з цэлага павету, дык хутчэй-бы у мяне мазгі закіпелі ў касьцёх і выцяклі вон, чым я парушыўся-бы з мейсца.

— Ага, — сказаў судзьдзя, — вось гэта — лень! Ня думаю, Тэг, каб ты мог з імі пацягацца.

— Глупства, — сказаў Тэг, — я таксама лянівы, як і яны.

— Ну, як-жа, напрыклад? — запытаўся судзьдзя.

— Каб я ляжаў на сьпіне з расчыненымі вачыма, а з столі падала-б градам сажа, дык мусіць я-б хутчэй асьлепнуў, чым задаў-бы сабе працу заплюшчываць вочы.

— Дзіўная справа, — сказаў судзьдзя, — я ў такім-жа клопаце, як і раней. Бачу я, што вы самыя найгоршыя лодары, якіх яшчэ ня бачыў сьвет, і хто з вас самы лянівы, — цяжка сказаць. Ну, дык вось што: я аддам сенажаць старэйшаму.

— Дык, — сенажаць мая, — сказаў Кональ.

— А колькі табе гадоў? — запытаўся судзьдзя.

— На дваццаць першым гаду я купіў сабе цэлы карабель шылаў, ніводнага не зламаў за ўвесь час і толькі ўчора прытупіў апошняе шыла, наладжваючы боты.

— Так, ты вельмі стары, — стары, — сказаў судзьдзя. — Не спадзяюся, каб Дональ і Тэг маглі з табой зраўнацца.

— Ёсьць аб чым думаць! — сказаў Дональ. — А я яшчэ папрабую зраўнацца.

— Ды табе-ж колькі гадоў? — запытаўся судзьдзя.

— Калі мне споўнілася дваццаць адзін год, я купіў цэлы карабель голак і ўчора ступіў апошнюю, падчыняючы вопратку.