Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


Кональ, Дональ і Тэг.

Жылі-былі тры браты, звалі іх Кональ, Дональ і Тэг. Здарылася ім непаладзіць за вучастак сенажаці. Кожны з іх меў на яго аднолькавае права і таму ніводны з множства судзьдзяў ня мог вырашыць справу ні на чыю карысьць.

Нарэшце знайшлі яны судзьдзю, каторы быў вядомы усім, як вельмі-ж разумны, і расказалі яму аб сваей справе.

Судзьдзя сядзеў на лаўцы і з вялікай цярплівасьцю слухаў спачатку Коналя, потым Доналя і Тэга. Калі яны скончылі, ён абвесьціў, што бярэ сабе часу дзень і ноч, каб разважыць усё.

Раніцай на другі дзень ён паклікаў іх да сябе і сказаў, што зважыў довады з усіх бакоў, думаў так і гэтак, і пераканаўся, што ніхто з іх ня мае ні на каліўца больш правоў на сенажаць, чымся кожны з другіх. Першы раз у жыцьці спаткалася яму такое цяжкое здарэньне.

— Аднак-жа, — казаў ён далей, — для мяне няма нічога, што-б я не перамог. Я зараз-жа вырашу, каму з вас належыць сенажаць. З віду вы ўсе лежабокі, і вось я прысуджу сенажаць самаму лянівейшаму з вас.

— Ну, калі так, — сказаў Дональ, — дык сенажаць будзе мая, бо я самы лянівы.

— А як ты лянівы? — запытаўся Судзьдзя.

— Ды так, што лягу пасярэдзіне дарогі і няхай нясецца на мяне цэлы полк коньніцы, дык я хутчэй дам сябе растаптаць, чымся зыйду з дарогі.