Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рудая кабета ўвесь час глядзела ў свой калодзеж і моцна ўзрушалася. Праўда, адзін час мёд быў угары. Але потым на яго мейсца ўсплыла кроў. А пасьля кроў і мёд зьмяшаліся. Бачыла яна, што Амадану было цяжка.

Наканец, кроў і мёд зусім зьмяшаліся і ў гэткім стане аставаліся да самага вечару. Яна заплакала, парашыўшы, што Амадан забіты, хаця і забіў Кошку.

Так яно і было. Пасьля доўгай барацьбы Кошка распарола Амадана ад верху да нізу даўгім капцюром, які сядзеў на канцы яе хваста. Пры гэтым яна так шырока разьзявіла свой вялікі рот, што Амадан угледзіў яе нутро да самага дна, а ў ім чорную плямку, аб якой казала рудая кабета. Ён раптоўна ўваткнуў свой меч у гэтае мейсца, і, абодва, Амадан і Кошка, паваліліся мёртвыя.

Рудая кабета ў хуткім часе прыбегла на мейсца пабоішча і ўгледзела труп Амадана разам з трупам Кошкі. Вялікае было яе гора. Раптам убачыла яна на баку Амадана бутэлечку з жывой вадой і пяро. Яна пакрапіла Амадана гэнай вадой, і ёй ускочыў на ногі зусім здаровы.

Ад радасьці ён плакаў і цалаваў старую. Забраўшы яе з сабой, ён пусьціўся назад к агнявому замку.

Тутака спаткаў ён трох прынцаў, якія жылі вельмі шчасьліва, пазбавіўшыся ад асілкаў. У прынцаў была сястра прыгажэйшая ад усіх, якіх калі-небудзь бачыў Амадан.

Яны аддалі яе замуж за Амадана і ў нагароду далі яму палову сваей маемасьці.

Вясельле сьвяткавалі дзевяць дзён і дзевяць ночаў. На ім йгралі дзевяцьсот скрыпачоў, дзевяцьсот цымбалістаў і дзевяцьсот трубачоў і кожны дзень вясельля быў весялейшы ад папярэдняга.