Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Шкода мне цябе, — сказала яна, — ніхто яшчэ не варочаўся жывым ад Серабрыстае Кошкі. Але-ж ты змарыўся і згаладаўся. Павячэрай і ідзі спаць.

Амадан павячэраў, выспаўся на мягкім ложку, а раніцай старая растлумачыла яму, як знайсьці Серабрыстую Кошку, якая мае толькі адно мейсца — чорную плямку на дне жывата, якую можна праткнуць. А калі ён не пападзе мячом у гэта мейсца, дык Кошка заб’е яго.

— Бедны Вмадан, — сказала яна, — я вельмі баюся, што ўжо цяпер ты ня вернешся жывым. Сама я не магу прыйсьці к табе на помач. Але ў маім садзе ёсьць калодзеж. Я буду глядзець у яго і бачыць, што робіцца з табой. Калі на вадзе буду бачыць мёд, знача ты маеш перамогу, а калі пакажацца кроў, знача — кошка. Калі кроў застаіцца, я буду ведаць, мой бедны Амадан, што цябе ўжо няма на сьвеце.

Амадан разьвітаўся з ёю і скіраваўся к таму мейсцу, дзе Сем Далін зьбягаюцца к мору. Тут была пропасьць, а на дне пропасьці пячэра.

Амадан спусьціўся ў пячэру па вяроўцы і стаў чакаць, калі зьявіцца кошка.

Роўна ў поўдзень кошка выйшла з пячэры. Убачыўшы Амадана, яна гэтак страшна крыкнула, што мора паднялося на чверць мілі ўгару, і запыталася яна ў Амадана, хто ён і адкуль ён узяў сьмеласьць зьявіцца перад яе вачыма.

Амадан адказаў:

— Мяне завуць Амадан Цеставік. Я забіў Слэт Мора, Слэт Мара, Слет Біга, Ведзьму Скалы і яе чатырох ведзьмароў, Чорнага Быка з Рудога Лесу, Белага Барана з Гары Вадаспадаў і Жабрака швэдзкага караля, а пакуль яшчэ не надыйшла ноч, заб’ю Серабрыстую Кошку, што з Сямёх Далін.

— Гэта то табе ўжо не зрабіць, — сказала яна. — Ты сам памрэш. І гэтак сказаўшы рынулася на яго.

Амадан дастаў свой меч, і пачаўся вялікі і страшны бой. Гэтак цяжка Амадану яшчэ ніколі не здаралася і яму стала здавацца, што ён загіне.