Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Толькі ён скончыў, як к замку пад’ехалі тры маладых прынцы, здатныя, сільныя, лоўкія хлопцы, але-ж былі яны вельмі змучаныя і кроў цякла з іх ран.

Яны ўдарылі ў замак крэменям і ўвесь замак асьвяціўся агнём, быццам яго падпалілі.

Амадан кінуўся на прынцаў, каб іх забіць.

— Як вы пасьмелі падпаліваць замак? — з пагрозай запытаўся ён.

— О, Амадан, — адказалі прынцы, — не перашкаджай нам, мы і так бадай што забіты. Замак не гарыць. Кожны дзень мы выходзім змагацца з трыма асілкамі, іх завуць: Слэт Мор, Слэт Мар і Слэт Біг.

Мы б’емся з імі ўвесь чысьцютка дзень і к вечару забіваем іх. Уночы яны нейкім цудам аджываюць і, калі ня будзе сьвятла ў нашым замку, — яны ўскочаць і заб’юць нас сонных. Дзеля таго мы кожны вечар, як толькі варочаемся з бою, асьвятляем наш замак.

Дзякуючы гэтай асьцярожнасьці мы можам спакойна спаць да раніцы, а з сонейкам зноў выходзім біцца з асілкамі.

Амадан вельмі зьдзівіўся з таго, аб чым яму расказалі прынцы і абвясьціў, што і яму вельмі хочацца памагчы забіць асілкаў. З ахвотай згодзіліся яны прыняць помач ад гэткага добрага малайца і ўмовіліся забраць яго з сабой на другі дзень.

Прынцы вымыліся, павячэралі і пайшлі з Амаданам спаць.

Раніцай яны ўсе чацьвёра пайшлі ў даліну Рэха, дзе і спаткалі трох асілкаў.

— Ну, сказаў Амадан, — вы змагайцеся з двайма меншымі асілкамі, Слэт Марам і Слэт Бігам, а я бяру на сябе Слэт Мора і паклапачуся дакончыць яго.

На тым і пастанавілі.

Аднак-жа, самы меншы з асілкаў быў вялікшы і страшнейшы ад усіх істот, якіх Амадану здаралася бачыць альбо знаць у сваім жыцьці; ці можна сабе ўявіць, які гэта быў асілак Мор.

Але Амадан ня надта аб гэтым клапаціўся. Ён кінуўся на Слэт Мора, і паміж імі завязалася доўгая і страшная бойка. Пад іхнімі нагамі цьвёрдая зямля перараблялася ў гразь, а гразь у крыніцы; скалы перава-