Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


Амадан Цеставік.

<span style="border-bottom: 1px dotted red; cursor: help;" title="Жыў-быў">Жыў быў кароль, і быў у яго сын Амадан (прыдурнаваты). Памерла маці Амадана, і кароль ажаніўся ў другі раз.

Амадан рос надта скора і з кожным днём рабіўся мацнейшым, дык мачаха стала пужацца, каб ён не пазабіваў яе дзяцей. Дзеля таго, каб ён ня рос гэтак скора і наагул паслабеў, яна карміла яго цестам з сырой мукі, разбоўтанай на вадзе, і ўсе так і звалі яго „Амадан Цеставік“.

Аднак-жа, ад гэтае стравы Амадан рабіўся не слабейшым, а здароўшым і быў такі асілак, што мог лёгка пабіць усіх сваіх зводных братоў разам.

У канцы, мачаха зажадала ад мужа, каб ён прагнаў Амадана. Бацька згодзіўся прагнаць яго. Аднак-жа, Амадан сказаў, што ня рушыцца з мейсца, пакуль бацька ня дасьць яму такі востры меч, каб ён мог разрэзаць пак воўны, які ўпадзе на яго.

Пасьля доўгіх клопатаў і шуканьня бацька знайшоў такі меч і аддаў яго Амадану. Спрабаваўшы меч і пераканаўшыся, што ён добры, Амадан разьвітаўся з роднай хатай і пусьціўся ў дарогу.

Сем дзён і сем ночаў, ён бадзяўся бяз ніякіх здарэньняў і ўжо к вечару на сёмы дзень падышоў да вялікага замку. Увайшоўшы ў замак, ён не знайшоў ніводнае жывой душы, затое ў залі агледзеў надзвычай добрую вячэру, прыгатаваную на стале.

Не марнуючы дарагога часу, Амадан прысеў за стол і пачаў аплятаць вячэру.