Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Калі раніцай прынц, Кональ, прачнуўшыся, выйшаў з свае зямлянкі, каб падыхаць чыстым паветрам, — дык ня верыў сваім вачам: перад ім уздымаўся цудоўны палац па-царску аздоблены. Не марнуючы часу, прынц пусьціўся дзякаваць Шэмусу за гэткі дзіўны замак. Калі Нэнсі даведалася, што замак гатоў, дык ледзьве ня лопнула ад злосьці.

Выйшла яна з хаты, паглядзела на замак, падзівілася, але ні слова не сказала. У гэты-жа дзень яна аб чымся доўга гутарыла з Роры, а ад яго пайшла да прынца Коналя і сказала:

— Ці не казала я табе, што Шэмус на ўсе рукі майстар?

— Але-ж, твая праўда, — адказаў прынц, — і я табе вельмі ўдзячны. Я цяпер забясьпечаны на ўсё жыцьцё і не забуду цябе і Шэмуса.

— Ты забясьпечаны! — ажно крыкнула Нэнсі. — Ды твой маёнтак і да паловы ня скончаны.

— Як гэта так? — зьдзівіўся Кональ.

— Ды так, — адказала яна: — трэба, каб перад замкам цякла рэчка, абсаджаная дрэвамі, а на тых дрэвах, каб сьпявалі птушкі, а воддаль, каб гудзела мора.

— Ну, што зрабіць, — адказаў прынц Кональ, — усяго адразу ня можна мець. Ад нашай мяйсцовасьці сто міль да мора, на ўзгорку ніколі не расьлі і ня могуць расьці дрэвы, а птушыных сьпеваў тутака ня чулі ўжо трыста гадоў.

— Тым больш трэба клапаціцца, каб гэта ў цябе ўсе было, — сказала Нэнсі.

— Але калі-ж гэта немагчыма, — адказаў прынц Кональ.

— Немагчыма? — спытала Нэнсі. — Не, магчыма. Трэба толькі, каб ты напужаў Шэмуса сьмерцю, калі ён ня зробіць усяго за тры дні, — дык ты ўсё атрымаеш.

— Пагледзім, пагледзім, гэта цікава, — сказаў прынц Кональ, — спрабуем зрабіць так.

І ён пайшоў да Шэмуса, паклікаў яго і сказаў, што замак нядобра выглядае на голым мейсцы.

— Я хачу, Шэмус, — сказаў ён, — каб тутака