Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/131

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


Пчала, Гарфа, Мыш і Прусак.

Жыла сабе ўдава з сынам, якого звалі Джэк. Мелі яны тры каровы і жылі ня бедна. Але вось надыйшоў і на іх цяжкі час — здарыўся неўраджай і беднасьць пастукалася да іхняе хаты. Цяжка прыйшлося ім, бедным, жыць.

— Нічога ня зробіш, — думала старая, — прыдзецца прадаць карову.

Адзін раз увечары яна й кажа Джэку:

— Устань, сынку, заўтра раней і вядзі на кірмаш нашую пярэстую, там яе прадасі.

Што сказалі, тое й зрабілі. Раніцай, яшчэ досьвіту падняўся наш Джэк, узяў кіёк, і пагнаў пярэстую на кірмаш.

На кірмашы Джэк убачыў на вуліцы вялікую купу людзей. Каб даведацца што там такое, Джэк пралез наперад і ўбачыў маленькага чалавечка з пчалой, мышкай, прусаком і маленечкай гарфай.

Чалавек спусьціў сваіх зьвяркоў на зямлю і сьвіснуў. У тую-ж мінютку пчала зайграла на гарфе, а мышка і прусак, стаўшы на заднія лапкі і абняўшыся пярэднімі, пачалі скакаць. Як толькі пчала зайграла на гарфе, а мышка з прусаком пачалі скакаць, дык за імі заскакаў увесь кірмаш. Мужыкі і бабы, гаршкі і колы, вазы і рандэлькі пусьціліся ў скокі па ўсяму месту. Джэк з пярэстай не адставалі ад іншых. Ніколі яшчэ ні раней, ні пазьней горад ня меў такога забаўнага выгляду, як цяпер.

Праз нейкі час маленькі чалавечак падняў з зямлі сваіх зьвяркоў, паклаў іх у кішэнь — і ўсё спынілася: