Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/112

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Праблукаўшы так гадзіны зо тры ўбачыў ён на моры нейкую чорную кропку, якая стала зьбліжацца і расьці. Прыгледзеўшыся, ён заўважыў, што гэта плыве човен, а ў ім сядзіць жанчына. А калі човен падблізіўся, ён разгледзеў, што кабета, якая там садзела, была надта прыгожая.

Як толькі човен прыстаў да берага, Сіад памог прыгожай кабеце зыйсьці на зямлю і сказаў: — Скуль ты прыехала, красуня, і хто ты такая? Ды куды гэта ты едзеш адна-адзінюсенька?

— Перш, чым я табе адкажу, — ты павінен назваць сваё імя, бо на такія пытаньні я адказываю толькі асобам з каралеўскага роду.

— Дык у маіх жылах цячэ каралеўская кроў, — адказаў Сіад. — Я Сіад, сын нарвэскага караля.

— Ах, як я радая, — сказала кабета. — Я — Чорнае Вочка, дачка францускага караля. Прыехала я з Францыі, а куды еду, дык і сама ня ведаю. Вось ужо цэлы год і дзень блукаю я па марам у гэтым чаўне і шукаю героя. Злая мачыха зачаравала мяне, выгнала з хаты і прымусіла блукаць па марам і акіянам у гэтым чаўне, пакуль я не здабуду ёй бутэлечку з жывою вадою, якая належыць царыцы, што на Востраве Скарбаў. Толькі тагды, калі я здабуду ёй гэтую воду, яна здыме з мяне пракленства.

Ужо тры гады, як я вандрую па сьвеце, шукаючы гэты востраў, але ніяк не магу знайсьці яго, дый ніхто ня ведае, дзе ён. Я ўжо наклала зарок на дванаццаць вялікіх асілкаў, якія абяцалі мне здабыць гэту воду. Але ніхто з іх не здабыў яе, і ўсе пазбавіліся жыцьця.

Калі ты каралеўскі сын і герой, дык я кладу на цябе зарок, здабыць мне гэную бутэлечку з жывой вадой ад царыцы, што на Востраве Скарбаў. Ты аддасі яго мне на гэтым-жа мейсцы праз тры гады і адзін дзень.

І Сіад сказаў:

— Прымаю твой зарок, Чорнае Вочка.

Чорнае Вочка падзякавала яму, а Сіад дапамог ёй увайсьці назад у човен. Яна адпіхнулася ад берагу