Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


Прыгоды Сіада.

У караля Нарвэскага было тры сыны: Сіад, Сэуд і Мітсэуд. Усім яны былі вядомы, як адважныя малайцы, ды самі сябе яны лічылі такімі.

Аднойчы Сіад доўга гуляў па беразе мора і ўвесь час аб нечым думаў. Вярнуўшыся ў палац, ён сказаў бацьку і братом:

— Увесь сьвет славіць Сэуда, Мітсэуда і Сіада, што яны героі і адважныя байцы. Але хацеў-бы я ведаць, за што гэта яны заслужылі такую славу. Ніхто з нас не зрабіў нічога вялікага. Мне здаецца, што нядобра, не заслужыўшы, насіць назоў байца. Годзі! я пайду па беламу сьвету, каб напраўду даказаць, што я варты, каб мяне называлі героем. Ну, а калі-ж мне не пашанцуе, дык я ўжо тады не вярнуся дамоў.

Дарма кароль стараўся адмовіць сына. Сіад і слухаць не хацеў. Ён казаў адно:

— Мне сорамна называцца тым, на што я не заслужыў.

Пераканаўшыся, што Сіад яго не паслухае, кароль пачаў прасіць яго, каб ён узяў з сабою хоць дружыну з каралеўскае челядзі.

— Непатрэбна, — адказаў Сіад, — я хачу ехаць адзін.

Так і ня мог упрасіць яго бацька, каб ён хоць слуг узяў з сабою.

Раніцай на другі дзень Сіад прачнуўся, пасьнедаў, узяў сваё аружжа і шчыт і пайшоў у дарогу. Падыйшоўшы да мора, ён пайшоў па ўзьбярэжжы.