Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ды гэтага і непатрэбна, — адказаў Роры. Ён сеў каля Нэнсі і растлумачыў ёй, як трэба пазбавіцца ад Шэмуса, не праліваючы яго крыві.

Трэба сказаць, што ў суседзях з Нэнсі і Шэмусам жыў нейкі прынц Кональ. Ён зьмяшчаўся ў маленькай зямлянцы, хаця яго бацькі калісьці жылі ў багатым палацу, пакуль ня пусьцілі на вецер усяе маемасьці.

На другі дзень пасьля размовы з Роры Нэнсі пайшла да гэтага прынца, ды кажа яму:

— Ці ня сорамна табе, прынц Кональ, жыць у гэткай дрэннай халупцы.

— Ведаю, што яна дрэнная, — адказаў ён. — Але-ж другое ў мяне няма.

— Гэта нічога ня значыць, — сказала Нэнсі. — Ты мог-бы лёгка здабыць сабе лепшы будынак, абы захацеў.

— Дык ты навучы мяне, як гэта зрабіць, — адказаў прынц Кональ.

— Вельмі проста, — сказала Нэнсі. — Мой Шэмус цэлымі днямі нічога ня робіць, прымусь яго пабудаваць табе замак.

Прынц, засьмяяўся:

— Ну, куды там беднаму Шэмусу будаваць замкі!

— Кепска ты ведаеш Шэмуса, — адказала Нэнсі. — Няма тае рэчы ў сьвеце, што ён ня змог-бы зрабіць, калі толькі захоча. Але-ж ён гэткі гультай, што калі ты не патаўчэш яму, як трэба, бокі палкай, дык нічога ад яго не даб’ешся.

— Ці можа гэта быць? — запытаўся прынц.

— Можа, кажу праўду, — адказала Нэнсі. — Загадай Шэмусу збудаваць табе замак у тры тыдні, прыгразі яму, напалохай, што здымеш галаву, калі ён гэтага ня зробіць, — і ў цябе будзе найлепшы замак.

— Калі толькі ў гэтым справа, — адказаў прынц Кональ, — дык я нядоўга буду сядзець бяз замку.

І ўжо на другі дзень ён пайшоў да Шэмуса, паклікаў яго і, калі той выйшаў, павёў з сабой на тое мейсца, дзе хацеў збудаваць замак. Паказаў ён яго Шэмусу і абвясьціў яму свае неадменнае жаданьне, — каб у тры тыдні Шэмус збудаваў княжацкі замак і прыдаў яму добры выгляд.