Перайсці да зместу

Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная


Плэшэм.

Жылі-былі муж з жонкай, звалі іх Шэмус і Нэнсі і пражылі яны ў міры ды згодзе ажно сорак гадоў. Непадалёчку ад іх жыў малады гуляка Роры, і прыйшла яму ў голаву гэткая злая думка: „Вось добра было-б, каб Шэмус памёр, а мы ажаніліся-б з Ненсі, узяў-бы я ў пасаг хату, поле і ўсю гаспадарку“.

Надумаўшыся так, пайшоў ён да Нэнсі дый кажа:

— Чаму гэта такая прыгожая кабета мае ахвоту жыць з гэткім нягодным старым хрэнам, які мае больш хваробаў і усялякіх балячак, чымся ёсьць іх у якім-небудзь жаўтку ў яйцы. Пазбаўся яго, і заўтра-ж самы прыгожы з ваколіцы хлапец будзе рады, каб ты зрабілася яго жонкай.

Нэнсі пачала з яго сьмяяцца, але Роры ўсё не адыходзіў ад яе, дык яна нарэшце адказала яму:

— Я ні на каліва ня веру табе. Ну, хто-ж возьме мяне замуж, калі Шэмус памрэ?

— Ды выбірай лепшага малайца з усяе ваколіцы, — адказаў Роры. — Я сам гатоў цябе ўзяць.

— Ці гэта-ж праўда? — запыталася Нэнсі.

— Прысягаю, — пабажыўся Роры.

— Мо’ і праўда, што ты хацеў-бы са мною пажаніцца. Але-ж Шэмус, спадзяюся, яшчэ не памрэ. Ні сяньня, ні праз дзесяць гадоў, — сказала Нэнсі.

— Гэта цалком залежыць ад цябе, — сказаў Роры.

— Чаму так? — запытала Нэнсі.

— Вельмі проста, ты можаш яго зжыць са сьвету.

— Я ня хочу праліваць крыві старога чалавека, — адказала Нэнсі.