Старая канава
← Раніца | Старая канава Абразок Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч 1924 год Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 18, 31 жніўня 1924 году, б. 2, № 19, 3 верасьня 1924 году, б. 2 |
Тры Крыжы → |
Як толькі сонца праменьні зайгралі на кроплях брылянцістай расы, дык адразу падняўся цэлы канцэрт лясных птушак на розныя лады.
Ганчар ішоў наперадзе нас, зьняўшы шапку. Відаць была, што ён слухаў песьні птушак і цешыўся з сонца разам з імі.
Мы йшлі берагам старое канавы… Усё дно канавы было заросшы асакою і сітнягом, па якім лёгкі ветрык гнаў перад намі хвалю за хваляй. Часамі, з яго зашамацеўшы выляталі качкі, з крыкам нясьліся ў даль канавы, шлёпалі ў нявідную ваду, зноў зрываліся, зноў падалі. Ні я, ні Ганчар з Карабой ня думалі страляць. А Ганчар нават раззлаваўся, што качкі ўцякалі ад аго ў такі малітвенны яго настрой, калі нават ён запомніў, што за плячмі у яго вісіць стрэльба. Часамі, галіны асін, волькаў і бяроз так моцна перапляталіся над канавай з абодвух яе берагоў, што ня было відаць неба.
— Хто рабіў гэту канаву? — задаў я ім пытаньне.
— Хто рабіў? — перапытаў мяне Караба.
— А бачыце яна ідзе ад старога замку, сьледу ад якога нават ужо і не засталося, а вось пабачыце самі
Ішлі далей моўчкі. Усё часьцей і часьцей схіляліся да нас галіны дрэваў і, нарэшце, мы ішлі праз зялёны тунэль. Прабірацца па высокай траве было цяжка і мы часта застанаўляліся адпачываць… Так ішлі мы аж за поўдзень.
— Зара вудве паварот, дык вось і ўбачыце „Тры Крыжы“. Тутака мы і адпачынем, — загаманіў Караба.
І праўда, праз шагоў пяцьсот, канава рабіла круты заварот і зялёная заслона, якая вісела над намі, згінула. Па абодвых краёх канавы стаялі густа елкі.
— Глядзеце вун сюды! — запыніў мяне Караба, паказваючы кудысь рукою.
Я зірнуў туды і ўгледзеў сярод гушчару елак тры вялікія, абросшыя зялёным мохам, крыжы.
Я застанавіўся і глядзеў.
Дзяргач.