Споўненае абяцанне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Споўненае абяцанне
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
Крыніца: http://www.maksimbogdanovich.ru/stories/61.htm

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Праз радасны заліты светам бор
Праходзіць насып жоўтая чыгункі.
Як роўна рэйкі, быццам на малюнкі,
Ляглі удоўж! Як ярка семафор

Ўдалі зялёным шклом гарыць ад сонца!
Як тэлеграфныя слупы гудзяць!
Пабач — дразды на дроце іх сядзяць,
А дрот зіяе лепі ад чырвонца!

І вось, махнатай лапаю ледзь-ледзь
Ламаючы апалыя галіны,
Сюды марудна з-за кустоў маліны
Выходзіць буры малады мядзведзь.

Паветра нюхае; нядбала паглядае
Лянівымі вачамі, быццам спіць,
У даль, пачуўшы нейкі гул, глядзіць
І ўраз, украй здзіўлёны, замірае…

Ледзь чутна рэйкі тонкія дрыжаць;
3 вясёлым шумам у бары зялёным
Нясуцца за вагонамі вагоны;
Шыпіць машына, іскры зіхацяць,

Дым белы цягнецца ўгары струёю;
Ад светла сонца ззяе сталь і медзь;
3 вакон смяюцца людзі… А мядзведзь
Стаіць і чуе крык мой: «Верш, за мною!»